Расія пачне закупляць бензін у Кітаі пасля прыпынення працы амаль 40% магутнасцяў НПЗ
- 1.10.2025, 12:44
Пастаўляць бензін з Азіі змогуць тры кампаніі.
Расійскія ўлады падрыхтавалі пакет мер па пачатку імпарту бензіну з Кітая і іншых азіяцкіх дзяржаў, каб кампенсаваць дэфіцыт паліва, які ахапіў краіну пасля налётаў дронаў на найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы.
Як паведамляе «Коммерсант», акрамя КНР Масква таксама разлічвае закупляць бензін у Паўднёвай Карэі і Сінгапуры. Для гэтага плануецца абнуліць ўвозныя мыты на паліва, што паступае праз асобныя пункты прапуску на Далёкім Усходзе. Пры гэтым дзяржава за кошт бюджэту будзе кампенсаваць імпарцёрам розніцу паміж сусветнымі цэнамі і ўнутранымі.
Пастаўляць бензін з Азіі змогуць тры кампаніі — «Роснефть», АО ННК і дзяржаўнае ВО «Промсырьеимпорт». У гэтым выпадку з'явіцца магчымасць накіроўваць у цэнтральную частку РФ бензін, які вырабляецца на сібірскіх НПЗ, — каля 150 тысяч тон у месяц.
Акрамя таго, урад разлічвае павялічыць імпарт бензіну з Беларусі, а таксама зняць забарону на выкарыстанне нафтаперапрацоўчымі заводамі монометыланіліну (ММА) — актанапавышальнай прысадкі, якая дазваляе павялічыць выпуск. З-за высокай таксічнасці і рызыкаў анкалогіі яна забароненая ў большасці краін свету, а ў Расіі выкарыстоўвалася да 2016 года.
Пакуль, нягледзячы на прымаемыя меры па абароне аб'ектаў ТЭК, існуюць рызыкі далейшага пагаршэння сітуацыі з забеспячэннем унутранага рынку нафтапрадуктамі, — цытуе «Коммерсант» зварот, які накіраваў прэм'еру Міхаілу Мішусціну віцэ-прэм'ер Аляксандр Навак.
Па стане на канец верасня ў краіне прастойвалі рэкордныя 38% магутнасцяў НПЗ (338 тысяч тон у суткі). Пры гэтым 70% прастояў сталі вынікам налётаў БПЛА, якім з пачатку жніўня ўдалося паразіць больш за 20 буйных нафтаперапрацоўчых заводаў.
У верасні яшчэ чатыры расійскія НПЗ спынілі выпуск. Сярод іх — «Кінеф» у Ленінградскай вобласці, які займае другое месца па магутнасці ў Расіі, а таксама Разанскі НПЗ «Роснефти», які ўваходзіць у топ-5 найбуйнейшых. Першы спыніўся 14 верасня, другі — 5 верасня. Таксама з 20 верасня спыніў перапрацоўку Навакуйбышаўскі НПЗ, а 22 верасня — Астраханскі ГПЗ «Газпрама». У выніку з недахопам паліва сутыкнуліся рэгіёны ад Сахаліна і Курыльскіх астравоў да Ніжагародскай вобласці і Крыма, дзе з пачатку тыдня забаронены продаж больш за 30 літраў бензіну ў адны рукі.
Дзякуючы імпарту з Азіі і Беларусі, а таксама змякчэнню экалагічных патрабаванняў да НПЗ улады бачаць магчымасць накіроўваць на ўнутраны рынак дадаткова 350 тысяч тон бензіну і 100 тысяч тон дызельнага паліва ў месяц, піша «Коммерсант». Акрамя ММА, урад разглядае магчымасць дазволіць продаж бензіну з доляй спірту да 10%, а таксама падняць нарматывы па араматычных вуглевадародах у ім да 42%.