СМІ: Дураў мог шукаць сустрэчы з Пуціным у Баку некалькі дзён таму
- 25.08.2024, 15:30
Арышт заснавальніка Telegram можна параўнаць з узломам «Энігмы».
Заснавальнік і генеральны дырэктар мэсэнджара Telegram Павел Дураў мог шукаць сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Баку некалькі дзён таму.
Пра гэта ў сваім Telegram-канале напісаў кіраўнік Цэнтра супрацьдзеяння дэзінфармацыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Каваленка.
«Не выключана, што Дураў шукаў сустрэчы з Пуціным у Баку некалькі дзён таму. Яму адмовілі. Цяпер у Расеі істэрыка, што «адзіны надзейны расейскі мэсэнджар», Telegram, можа апынуцца пад кантролем Захаду», - адзначыў Каваленка.
Ён дадаў, што гісторыя з Дуравым для Масквы - гэта «правал, у якім вінаватае ўсё асяроддзе Пуціна, ад Вайно да Патрушава».
Кіраўнік ЦПД адзначыў, што Telegram - гэта мэсэнджар нумар адзін ва Украіне. У Індыі – 300 млн карыстачоў, а «неўзабаве ён стане нумарам адзін у Паўднёвай і Лацінскай Амерыцы».
Каваленка адзначыў, што арышт Дурава можна параўнаць з узломам «Энігмы» брытанцамі падчас Другой сусветнай вайны, і што Telegram - гэта адзіны мэсэнджар, які актыўна выкарыстоўвае расейскае войска.
«Дурава абвінавачваюць у тым, што ён не супрацоўнічаў з французскай паліцыяй у барацьбе з наркагандлем. У найбліжэйшыя месяцы Расею могуць абвінаваціць у гандлі наркотыкамі ў Еўропе. Цяжкія часы чакаюць Галоўную ўправу Генштаба, бо менавіта іх уважаюць асноўнымі «адказнымі» за гэты кірунак шпіёнскай дзейнасці», - напісаў ён.
Акрамя таго, дадаў Каваленка, дзякуючы кейсу Дурава «можа абрынуцца ўся агентурная сетка РФ у Еўропе».