На агрэгатным заводзе ў Ваўчанску застаюцца заблакаваныя расейцы
- 25.08.2024, 12:54
Ва УСУ раскрылі падрабязнасці акружэння ворага.
На агрэгатным заводзе ў Ваўчанску Харкаўскай вобласці застаюцца расейскія вайскоўцы. Яны заблакаваныя ўжо некалькі месяцаў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на спікера аператыўна-тактычнай групоўкі «Харкаў» Віталя Саранцава ў эфіры тэлемарафона.
«Для выканання задач лагістыкі яны (акупанты - рэд.) выкарыстоўваюць беспілотнікі. Дарэчы, так адбываецца на заблакаваным адцінку пад Ваўчанскам, гэта значыць, на агрэгатным заводзе», - сказаў спікер.
Ён дадаў, што на заводзе ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца расейскае падраздзяленне, але яны заблакаваны ўкраінскімі войскамі.
«У самым пачатку там было блізу 40 вайскоўцаў. Яны тамака нясуць страты. Ёсць у іх і загінулыя, і параненыя. Ёсць параненыя ляжачыя, ёсць параненыя тыя, якія могуць весці бой. Пэўная колькасць іх там застанецца, дакладную лічбу я не магу сказаць з пэўных меркаванняў», - адзначыў Саранцаў.