Ізраіль прэвентыўна атакаваў ракетныя пускавыя ўстаноўкі «Хезбалы»
- 25.08.2024, 10:52
У рамках самаабароны.
Ізраільскае войска (ЦАХАЛ) нанесла ўдары па аб'ектах руху «Хезбала» ў Лібане. Са слоў вайскоўцаў, «Хезбала» рыхтавалася да запуску ракет па Ізраілі, таму гэтыя ўдары былі прэвентыўнымі. Пра гэта ЦАХАЛ паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
«У рамках самаабароны для ліквідацыі гэтых пагроз ЦАХАЛ наносіць удары па тэрарыстычных цэлях у Лібане, адкуль «Хезбала» планавала напады на ізраільскае цывільнае насельніцтва», - заявіў прэс-сакратар ведамства Даніэль Хагары.
Пазней з'явілася інфармацыя, што дзясяткі знішчальнікаў ВПС Ізраіля наносяць удары па цэлях у розных месцах на поўдні Лібана. Затым ЦАХАЛ удакладніў, што знішчальнікаў блізу сотні, і што яны знішчылі тысячы ствалоў ракетных установак «Хезбалы», прызначаных для неадкладнага абстрэлу паўночных і цэнтральных раёнаў Ізраілю.
Неўзабаве рушыў услед адказ. «Хезбала» заявіла, што за некалькі гадзін выпусціла больш за 320 ракет па паўночным Ізраілі, а таксама запусціла некалькі беспілотнікаў, начыненых выбухоўкай. Таксама ў арганізацыі заявілі, што нанеслі ўдары па 11 вайсковых базах на поўначы Ізраілю.