BE RU EN

Зяленскі назваў галоўныя мэты ўкраінскай ракеты-дрона «Паляніца»

  • 25.08.2024, 10:31

Прэзідэнт Украіны ўпершыню апублікаваў відэа з унікальнай зброяй.

Украіна 24 жніўня ўпершыню выкарыстала ў баявых умовах найноўшую ўкраінскую распрацоўку - ракету-дрон «Паляніцу».

Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён таксама апублікаваў відэа з «Паляніцай», якое раскрывае некаторыя характарыстыкі распрацоўкі.

«За два з паловай гады поўнамаштабнай вайны Расея выпусціла па Украіне амаль 10 тысяч ракет розных тыпаў і больш за 33 тысячы КАБаў. Спыніць атакі на нашы гарады можна ўдарамі па носьбітах гэтага ўзбраення - расейскіх самалётах на вайсковых аэрадромах. Учора адбылося першае паспяховае баявое ўжыванне нашай новай зброі - украінскай дальнабойнай ракеты-дрона «Паляніцы». Распрацаванай уласнымі сіламі, каб знішчыць наступальны патэнцыял ворага», - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Зяленскі запэўніў, што ракет-дронаў будзе станавіцца больш, гэтак жа як нарасціла Украіна вытворчасць уласных дальнабойных ударных дронаў, якія штодня дэманструюць уражлівыя вынікі.

«Паляніца» стала яшчэ адной распрацоўкай з пераліку ўзбраенняў, якія зробленыя ва Украіне і ўжо набліжаюць вызваленне ўкраінскіх тэрыторый ад ворага.

Заходнія хаўруснікі дагэтуль не дазваляюць ужываць перададзеныя нашай дзяржаве ракеты для знішчэння ваенных цэляў у глыбіні Расеі – таму Украіне давялося шукаць іншыя спосабы наносіць удары па тых жа вайсковых аэрадромах у РФ, адкуль узлятаюць варожыя бамбавікі і ракетаносьбіты.

Для нарошчвання ўласнай вытворчасці ўзбраенняў была запушчаная дзяржаўная грантавая праграма для прыватных ракетных праектаў, а ў дзяржаўныя канструктарскія бюро былі накіраваныя сур'ёзныя інвестыцыі. Таксама была ажыццёўленая дэрэгуляцыя для стымуляцыі галіны.

«І вось першыя вынікі. Сустракайце «Паляніцу» – украінскую дальнабойную ракету-дрон. Амаль усё вакол яе засакрэчана. Але сёе-тое ўсё ж вядома», - гаворыцца ў апублікаваным прэзідэнтам відэа.

Напрыклад, вядома, што ў рамках дзеяння «Паляніцы» – два дзясяткі вайсковых расейскіх аэрадромаў. Запускаецца яна з наземнай платформы. Рухавік у ракеты-дрона – турбарэактыўны, а яе сабекошт значна ніжэйшы за заходнія аналагі. Пры гэтым распрацоўшчыкі працуюць над яшчэ большым яе патанненнем і маштабаваннем вытворчасці.

Пры гэтым ні баявы радыус ракеты-дрона, ні яе баявая частка, ні вытворца не раскрываюцца.

Распрацоўка была скончаная «фенаменальна хутка»: цягам усяго паўтара года. Для гэтага, гаворыцца ў відэа, ва ўсіх, хто мае дачыненне да распрацоўкі, была магутная матывацыя - абараніць жыцці ўкраінцаў, знішчыўшы наступальны патэнцыял ворага яшчэ на яго тэрыторыі.

Апошнія навіны