BE RU EN

АПЕК упершыню за год знізіла прагноз росту попыту на нафту

  • 12.08.2024, 21:19

Чаканні Міжнароднага энэргетычнага агенцтва рэзка разыходзяцца з прагнозамі АПЕК+.

Арганізацыя краінаў-экспарцёраў нафты (АПЕК) упершыню з пачатку года змяніла прагноз росту попыту на нафту ў 2024 і 2025 гадах. Пра гэта гаворыцца ў жнівеньскай справаздачы АПЕК.

Ацэнка на 2024 год зніжаная на 135000 бараляў за дзень – да 2,11 млн бараляў за дзень, а на 2025 год – на 65000 б/дз, гэта значыць да 1,8 млн.

«Гэты невялікі перагляд адлюстроўвае фактычныя звесткі, атрыманыя за першы квартал 2024 года і ў некаторых выпадках за другі квартал, а таксама змякчэнне чакання росту попыту на нафту ў Кітаі ў 2024 годзе», – гаворыцца ў справаздачы АПЕК.

Пры гэтым АПЕК захавала прагноз росту прапановы нафты ад краінаў, якія не ўваходзяць у АПЕК+. У 2024 годзе, як чакае арганізацыя, паказнік вырасце на 1,2 млн б/дз (да 53 млн б/дз), у 2025 годзе – на 1,1 млн б/дз (да 54,1 млн б/дз).

Гэта першае паніжэнне прагнозу АПЕК на 2024 з моманту ягонага складання ў ліпені 2023 года, адзначае Reuters.

«АПЕК па-ранейшаму лідарка ў галіновых ацэнках і павінна прайсці доўгі шлях, каб адпавядаць значна больш нізкай ацэнцы Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (IEA)», – гаворыцца ў публікацыі.

Чаканні Міжнароднага энэргетычнага агенцтва рэзка разыходзяцца з прагнозамі АПЕК+. У IEA чакаюць павелічэння ўсяго на 1,1 млн бараляў за дзень. Новы прагноз IEA абнародуе ў аўторак, 13 жніўня.

IEA мяркуе, што попыт на нафту дасягне піку да 2030 года, у той час як АПЕК сцвярджае, што спажыванне нафты будзе расці цягам наступных двух дзесяцігоддзяў.

Апошнія навіны