«Для правінцыі - кошт завоблачны»
- 12.07.2024, 9:28
Слуцкі таксіст паскардзіўся на наступствы ўказа Лукашэнкі.
Указ Лукашэнкі "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў" абавязаў таксістаў праходзіць перападрыхтоўку. Гэта неабходна для таго, каб патрапіць у новы рэестр пасажырскіх перавозчыкаў. Аднак, як высветлілася, навучальныя курсы, дзе трэба прайсці перападрыхтоўку, каштуюць нятанна.
Адзін са слуцкіх таксістаў Мікалай расказаў, што навучанне для кіроўцаў таксі ўжо прайшоў, аднак трэба яшчэ перападрыхтоўку. Наогул, патрабаванне да таксістаў падвышаць кваліфікацыю раз на пяць гадоў дзейнічае яшчэ з 2008 года. Цяпер гэта абавязковы пункт для трапляння ў названы вышэй рэестр. І трэба паспець да 1 жніўня 2024 года.
Да прыкладу, у адной з менскіх аўташкол «Аўтаправа» кошт на курсы падвышэння кваліфікацыі кіроўцаў таксі - 450 рублёў, а з 1 жніўня - 500. «Для правінцыі кошт курсаў завоблачны», - адзначыў таксіст Мікалай у гутарцы з парталам Tochka.by.
Кіроўца таксуе 12 гадзін на дзень, і чысты заробак, паводле ягоных слоў, выходзіць блізу 40 рублёў. А курсы перападрыхтоўкі разлічаныя на два тыдні, заняткі - кожны дзень. Плюс варта дадаць выдаткі на дарогу і пражыванне на гэты перыяд у Менску.
Абавязковая перападрыхтоўка - за і супраць
«Новыя курсы правяраюць тое, што і так ужо ўмею. У гараж я магу заехаць хоць з заплюшчанымі вачамі», - упэўнены таксіст.
У той жа час, са слоў дырэктара аўташколы «Аўтаправа» Юрыя Берташа, не ўсе таксісты з першага разу здаюць тэорыю. «І нямногія з першага разу дакладна ў бокс заязджаюць. Таму курсы перападрыхтоўкі адназначна патрэбныя», - мяркуе ён.
На аўтадроме адпрацоўваюць эфектыўнае перарывістае тармажэнне, разгон і прыпыненне перад слупкамі, праезд па слізкім пакрыцці, заезд у бокс з двух бакоў і не толькі.
Дырэктар таксапарку, дзе працуе Мікалай, ужо падрыхтаваў работнікаў да выправы на гэтыя курсы, бо патрабаванне абавязковае.
У Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі растлумачылі, што ў кожнай вобласці працуе 10 арганізацый, у якіх ёсць сертыфікат на правядзенне павышэння кваліфікацыі кіроўцаў катэгорыі В (якая і патрэбна таксістам).
У ведамстве таксама нагадалі, што рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных злучэннях аб'яднае перавозчыкаў розных форм уласнасці і збярэ інфармацыю аб усіх дыспетчарах, кіроўцах і аўтамабілях. Электронны рэсурс пачне дзейнічаць 1 жніўня.