BE RU EN

У Літве памежнікаў забяспечаць цяжкім узбраеннем

  • 20.05.2024, 19:27

Тэхніку закупяць да канца гэтага года.

Міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што літоўскіх памежнікаў забяспечаць цяжкім узбраеннем.

Пра гэта паведамляе LRT.

Кіраўніца МУС адзначыла, што пастанова забяспечыць пагранічнікаў цяжкім узбраеннем была прынятая ў адказ на ўрокі вайны Расеі супраць Украіны.

«Міністэрства абароны таксама будзе садзейнічаць забеспячэнню памежнікаў цяжкім узбраеннем. Я не хацела б удавацца ў падрабязнасці (пра ўзбраенне), бо ўсё гэта яшчэ знаходзіцца ў стадыі абмеркавання», - дадала Білатайтэ.

З яе слоў, Служба аховы дзяржаўнай мяжы апошнім часам аснашчаная сучасным узбраеннем, якое адпавядае стандартам НАТА.

У панядзелак кіраўніца МУС разам з прэм'ерам Інгрыдай Шыманітэ аглядала магутнасці авіяцыйнай управы Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы ў Палукнісе.

«Мы аднолькава глядзім на сітуацыю і разам працуем над умацаваннем усіх службаў», - расказала яна.

У той самы час, камандуючы памежнікамі Рустамас Любаевас заявіў, што цяжкае ўзбраенне, якое плануецца перадаць, будзе ўключаць як мабільную, так і стацыянарную тэхніку, і яго закупяць да канца года.

«Прынамсі на першым этапе планаванае да закупкі ўзбраенне не запатрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі...Яно будзе ўжывацца супраць жаўнераў і супраць пэўнай тэхнікі», - растлумачыў ён.

Апошнія навіны