З'явілася першае дэталёвае відэа, як украінскія Мі-8 збіваюць «Шахеды»
- 7.12.2024, 21:14
Пілоты працуюць у пары.
Мабільныя агнявыя групы з'яўляюцца асноўным інструментам Сіл абароны Украіны ў барацьбе з расейска-іранскімі дронамі "Шахед". Аднак далёка не адзіным. У сеціве з'явілася відэа, дзе паблізу зафіксавана паляванне на "Шахед" экіпажамі гелікаптэраў Мі-8.
Як растлумачылі аналітыкі Defense Express, такое паляванне гелікаптэры вядуць у пары адна машына візуальна суправаджае цэль і наводзіць на яе другую машыну, якая ўжо непасрэдна знішчае беспілотнік.
На апублікаваным відэа добра відаць, што экіпажы гелікоптэраў не спяшаюцца збіваць дрон, як толькі ён з'яўляецца ў поле зроку. Доўгі час гелікоптэры толькі суправаджаюць цэлі, якая ляціць нізка над шчыльна заселеным раёнам.
На відэа таксама паказана, што лётчыкі выразна фіксуюць каардынаты падзення дрона, каб потым сапёры маглі абясшкодзіць і прыбраць абломкі.
"Гэта значыць, у цэлым варта зафіксаваць, што паляванне на «Шахеды» з гелікаптэраў – гэта дастаткова няпросты рэсурсазатратны працэс", – рэзюмуюць у Defense Express.