Стала вядома, колькі аўто канфіскавалі ў таксістаў за працу «па-за рэестрам»
- 7.12.2024, 20:55
Мінтранс раскрыў лічбы.
У Транспартнай інспекцыі распавялі, колькі ўжо канфіскавалі аўто ў таксістаў за "нелегальную працу". Усё гэта было зроблена паводле вынікаў "кантрольных мерапрыемстваў".
Так, канфіскавана 63 легкавушкі: яны не былі ўключаны ў Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных злучэннях.
На сёння ў рэестры ўжо 246 дыспетчараў, у тым ліку 157 дыспетчараў таксі. Гэта амаль 100 працэнтаў ад агульнай колькасці.
Таксама туды ўключаны 5,3 тыс. перавозчыкаў (або 93 працэнты), у тым ліку 3,7 тыс. перавозчыкаў аўтамабілямі-таксі (амаль 100 працэнтаў), а таксама 33,8 тыс. кіроўцаў (амаль 80 працэнтаў), у тым ліку 21 тысяча таксістаў.
У базу ўнесены 27 тысяч транспартных сродкаў (75%), сярод іх больш за 16,6 тыс. аўтамабіляў-таксі.
Нагадаем, што з 1 лістапада 2024 года ў Беларусі пачаў працаваць Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах.
У яго ўвайшлі маршрутчыкі, таксі, дыспетчары, кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў. Толькі тыя, каго ўключаць у гэты спіс, могуць працягваць сваю дзейнасць.