Зяленскі сустрэўся з Трампам і Макронам у Парыжы
- 7.12.2024, 19:52
(Абноўлена) Сустрэча прайшла за зачыненымі дзвярыма.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у Парыжы. Гэта першая сустрэча пасля выбараў у ЗША, але другая за гэты год.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю BFM TV.
Зяленскі і Трамп прыехалі сёння ў Парыж на ўрачыстасці з нагоды адкрыцця адноўленага Сабора Парыжскай Маці Божай.
Спачатку ў Елісейскі палац на сустрэчу з Эмануэлем Макронам прыехаў Трамп. Пасля гэтага стала вядома, што да іх далучыцца ўкраінскі прэзідэнт.
Як паведаміў журналістам спікер прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў, трохбаковая сустрэча Зяленскага, Трампа і Макрона праходзіла за зачыненымі дзвярыма.
Адзначым, што першая сустрэча Зяленскага з Трампам сёлета адбылася перад амерыканскімі выбарамі - у канцы верасня. Тады ўкраінскі прэзідэнт наведаў Нью-Ёрк, каб прэзентаваць тады яшчэ кандыдату ў прэзідэнты ЗША ўкраінскі План перамогі.
Другі раз Зяленскі і Трамп кантактавалі пасля перамогі апошняга на прэзідэнцкіх выбарах у лістападзе. Тады Зяленскі і Трамп правялі тэлефонную размову і дамовіліся падтрымліваць цесны дыялог і развіваць супрацоўніцтва паміж краінамі.