BE RU EN

У Беларусі распрадаюць запраўкі апальнага бізнэсоўца, набліжанага да Лукашэнкі

  • 7.12.2024, 18:49

Бізнэс-імперыя Чыжа распадаецца па частках.

На сайце ЗАТ "Белрэалізацыя" з'явілася абвестка аб продажы яшчэ дзвюх заправак з сеткі "Трайпл". Гэтыя аб'екты раней належалі аднаму з самых вядомых бізнэсоўцаў Беларусі — Юрыю Чыжу, які доўгі час лічыўся асобай, набліжанай да Лукашэнкі.

Аднак сёння ён у няміласці, а яго бізнэс-імперыя распрадаецца па частках, адзначае BGmedia.

Адна з заправак знаходзіцца ў раёне вёскі Кулакі Салігорскага раёна і зараз не працуе. З вопісу вынікае, што ўсё абсталяванне там захавалася, але ягоны стан выклікае пытанні. Стартавая цана гэтага аб'екту — амаль 866 ​​000 BYN, а мінімальная — крыху меншая за 673 500 BYN. Складана сказаць, наколькі выгадным будзе такое ўкладанне, улічваючы, што запраўка не функцыянуе.

Юрый Чыж нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Сабалі Сігневіцкага сельсавета Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута, працаваў на Менскім трактарным заводзе.

У бізнэс прыйшоў са спорту, першапачаткова займаўся ўвозам і продажам дываноў. У 1992 г. заснаваў кампанію "Трайпл", якая працавала ў сферы будаўнічых матэрыялаў. Пасля пачалі з'яўляцца даччыныя фірмы ў іншых сферах. Бізнэс Чыжа развіваўся пад дахам уладаў. Гэты дах яго і прыціснуў.

Другая АЗС размешчаная на трасе М-6 і на гэты момант уяўляе сабой амаль пусты будынак. Тут дэмантавана ўсё абсталяванне, і засталіся толькі падземныя рэзервуары з ачышчальнымі збудаваннямі. Гэты аб'ект цікавы перш за ўсё сваёй лакацыяй — 92-і кіламетр трасы, дзе транспартная плынь заўсёды вялікая. Стартавая цана – амаль 1,6 млн BYN.

Таргі па гэтых аб'ектах запланаваны на 20 снежня.

Раней СМІ пісалі, што ў Бярозе з аўкцыёну амаль удвая даражэй за стартавую цану прадалі запраўку, якая раней належала Юрыю Чыжу. Яна "пайшла" амаль за 4,5 млн рублёў пры пачатковым кошце менш за 2,3 млн. У ЗАТ "Белрэалізацыя" паведамілі, што ў таргах удзельнічалі тры пакупнікі.

Апошнія навіны