У Беларусі аплачваць паслугі натарыуса і дзяржструктураў трэба будзе па-новаму
- 7.12.2024, 18:04
Чакаюць новаўвядзенні таксама з судовымі мытамі.
Нацбанк разам з Саўмінам прынялі пастанову, якая ўносіць карэктывы ў аплаце асобных паслуг і мытаў.
Яна была апублікаваная 7 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У дакуменце сказана, што новаўвядзенні закрануць паслугі натарыусаў і дзяржструктураў. Дакладней, пашыраецца пералік плацяжоў, прыём якіх будуць праводзіць праз адзіную разліковую і інфармацыйную прастору (АРІП).
Згодна з пастановай, плату за паслугі, працу, зборы, мыты і адміністрацыйныя працэдуры дзяржструктураў стануць прымаць праз АРІП.
Таксама па-новаму давядзецца аплачваць паслугі натарыусаў. Дакладней, уносіць сродкі за мыту, што спаганяецца за здзяйсненне ўпаўнаважанымі службовымі асобамі мясцовых выканальных і распарадчых органаў натарыяльных дзеянняў, складанне імі праектаў заяваў, выраб копій дакументаў і выпісак з дакументаў, трэба будзе ў адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы.
Акрамя ўсяго іншага, спіс плацяжоў, якія праводзяцца праз АРІП, папоўніўся судовымі мытамі. Яны спаганяюцца за здзяйсненне юрыдычна значных дзеянняў у канстытуцыйным, грамадзянскім, крымінальна-працэсуальным і крымінальна-выканаўчым судаводстве.
Акрамя таго, сюды адносяцца выканальная вытворчасць і аператыўна-вышуковая дзейнасць. Пастанова пачынае дзеянне пасля афіцыйнага апублікавання.
З 5 студзеня ў Беларусі таксама мяняецца парадак фармавання крэдытных гісторый і атрымання крэдытных справаздачаў. Закон актыўна абмяркоўвалі з вясны 2024 года.
Спынімся на найважнейшых новаўвядзеннях, пра якія паведаміў Нацбанк.
Па-першае, пашырыцца пералік крыніцаў для фармавання крэдытнай гісторыі. У іх лік будуць уваходзіць юрыдычныя асобы, якія рэалізуюць тавары на ўмовах адтэрміновак і растэрміновак. Гаворка ідзе, напрыклад, пра буйныя анлайн-крамы і мабільных аператараў. Гэта значыць, у такую гісторыю ўключаць інфармацыю аб адтэрміноўках і растэрміноўках, якія браў грамадзянін.
Па-другое, цягам года можна будзе атрымаць да дзвюх крэдытных справаздачаў бясплатна. Але не больш за адзін раз на папяровым носьбіце. Раней без выплаты ўзнагароды гэтую гісторыю можна было атрымаць толькі адзін раз за год.