BE RU EN

У Менску адкрылі дзве новыя вуліцы з месцамі для паркоўкі

  • 7.12.2024, 13:22

Абедзве магістралі з'явіліся ў Масюкоўшчыне на месцы знесенага вайсковага гарадка.

З 6 снежня аўтамабілісты могуць апрабаваць дзве новыя дарогі, адкрытыя для руху ў Фрунзенскім раёне Менска, паведамляе дзяржагенцтва «Менск-Навіны».

Днём 6 снежня адкрыліся для руху вуліца С. Злобіна і прадаўжэнне вуліцы В. Галубка да вуліцы Альшэўскага. Абедзве магістралі з'явіліся ў Масюкоўшчыне на месцы знесенага вайсковага гарадка.

Як растлумачылі ў адміністрацыі Фрунзенскага раёна, адкрыццё гэтых вуліцаў дапаможа палепшыць транспартныя зносіны для жыхароў Дамброўкі і Каменнай Горкі з іншымі раёнамі сталіцы. Па новым адрэзку вуліцы У. Галубка ад яе скрыжавання з вуліцай Аладавых можна выехаць проста на вуліцу Альшэўскага і далей – на 2-е кальцо. Адкрыццё руху па гэтай магістралі дазволіць зменшыць трафік аўтамабіляў на вуліцы Матусевіча. Другая новая вуліца, імя Сцяпана Злобіна, звязала Масюкоўшчыну з вуліцай Чычурына і мікрараёнам Дамброўка-6.

Крайнія правыя палосы прадугледжаныя для паркоўкі. Парковачныя месцы размежаваныя, месцы для стаянкі абмежаваныя астраўкамі бяспекі. Разам з тым каля дарог пабудаваныя вялікія плоскасныя паркоўкі. Гэта задзел на будучыню – на месцы былога ваеннага гарадка ў Масюкоўшчыне хутка вырасце новы жылы раён. Ужо ідзе будаўніцтва дамоў уздоўж вул. С. Злобіна.

Апошнія навіны