BE RU EN

Сірыйскія паўстанцы ўзялі пад кантроль горад Дар'а

  • 7.12.2024, 12:30

Менавіта ў гэтым горадзе ў 2011 годзе пачалося паўстанне супраць дыктатара Асада.

У суботу, 7 снежня, сірыйскія паўстанцы заявілі, што ўзялі пад кантроль паўднёвы горад Дар'а, што стала чацвёртым населеным пунктам, які войскі дыктатара Башара Асада страцілі за тыдзень, паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.

Адзначаецца, што менавіта ў гэтым горадзе ў 2011 годзе пачалося паўстанне супраць дыктатара Асада.

Крыніцы сярод паўстанцаў паведамілі агенцтву, што вайскоўцы пагадзіліся арганізавана адступіць з Дар'а ў рамках пагаднення, якое забяспечвае бяспечны праход ваенным службовым асобам у Дамаск.

Вайскоўцы і ўрад Асада пакуль не зрабілі ніякіх афіцыйных каментароў.

Паводле звестак Reuters, горад мае сімвалічнае значэнне, паколькі з'яўляецца «калыскай паўстання».

Узяцце Дар'а адбылося пасля таго, як паўстанцы заявілі, што прасунуліся да ўскраінаў цэнтральнага горада Хомс. Захоп гэтага горада адрэзаў бы Дамаск ад прыбярэжнай крэпасці алавіцкай меншасці Асада і ад марской і авіябазы ягоных расейскіх хаўруснікаў, размешчаных там.

«Нашы сілы вызвалілі апошнюю вёску ў наваколлях горада Хомс і цяпер знаходзяцца на яго подступах», – заявілі паўстанцы ў Telegram.

Кааліцыя паўстанцкіх фракцый, у склад якой уваходзіць ісламісцкая група Хаят Тахрыр аш-Шам (HTS), таксама звярнулася з заклікам да сілаў, лаяльным ураду Асада ў Хомсе, перайсці на іх бок.

Раней паведамлялася, што Іран пачаў тэрміновую эвакуацыю сваіх вайскоўцаў і дыпламатычнага персаналу з Сірыі.

Апошнія навіны