Лукашэнка гістарычна пацярпеў няўдачу
- 7.12.2024, 15:55
У ISW патлумачылі, навошта ўзурпатар папрасіў РФ размясціць «Арэшнік» у Беларусі.
Размяшчэнне ракетаў «Арэшнік» у Беларусі не падвышае рызыкі ўдараў балістычнымі ракетамі сярэдняй далёкасці па Украіне ці краінах NATO. Усё гэта падобна на ўзмоцненае бразганне Крамлём «ядзернай дубінай».
Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
У справаздачы нагадалі, што Пуцін чарговы раз паспрабаваў пахваліцца ракетай «Арэшнік» і расейскім ракетным патэнцыялам падчас паседжання Вышэйшай дзяржаўнай рады «саюзнай дзяржавы». Аналітыкі ўважаюць гэта за інфармацыйную аперацыю Крамля ў рэфлексіўным кантролі.
У Інстытуце таксама нагадалі, што міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю амерыканскаму СМІ 5 снежня аналагічным чынам паспрабаваў пазіцыянаваць удар «Арэшніка» па горадзе Дняпро 21 лістапада, як гатоўнасць Масквы выкарыстоўваць любыя сродкі, каб не дапусціць стратэгічнай перамогі Захаду над Расеяй.
Паводле ацэнак ISW, пастаяннае выхвалянне Крамля ракетай «Арэшнік» наўрад ці сведчыць пра распрацоўку асабліва новых сродкаў для глыбокага ўдару.
«Размяшчэнне ракетаў “Арэшнік” у Беларусі істотна не мяняе пагрозу для Украіны і NATO, бо расейскія вайскоўцы ўжо даўно маюць ядзерную зброю на мацерыковай частцы Расеі і ў Калінінградскай вобласці, здольную нанесці ўдар па цэлях ва Украіне і NATO. Расейскія войскі рэгулярна запускаюць па Украіне балістычныя ракеты “Іскандэр”, гіпергукавыя балістычныя ракеты “Кінжал” і крылатыя ракеты Х-101, здольныя пераносіць ядзерныя боегалоўкі», – гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.
Тым часам Расея прадаўжае прасоўваць свае стратэгічныя намаганні ў дэ-факта анэксіі Беларусі і далейшым пашырэнні прысутнасці расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі краіны праз механізм «саюзнай дзяржавы».
У ISW перакананыя, што дыктатар Аляксандр Лукашэнка, верагодна, спрабуе захаваць суверэнітэт Беларусі перад Масквой і адстойвае меркаванне, што Менск павінен кантраляваць размешчаную на тэрыторыі краіны расейскую зброю. Але гэта тыя намаганні, у якіх Лукашэнка гістарычна пацярпеў няўдачу.
У справаздачы адзначаецца, што Лукашэнка публічна папрасіў даць Менску права вызначаць, як выкарыстоўваць ракеты «Арэшнік» у Беларусі, верагодна, у спробе ўмацаваць сваю перамоўную пазіцыю супраць далейшай інтэграцыі ў межах гэтага аб'яднання.
«Лукашэнка ўжо даўно спрабуе спаборнічаць з Крамлём, каб вызначыць, ці зможа Менск усталяваць кантроль над расейскімі вайсковымі актывамі, напрыклад як размешчаныя ў Беларусі найноўшыя сістэмы супрацьпаветранай абароны С-400. Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Беларусі Аляксандр Вольфавіч таксама беспадстаўна сцвярджаў, што толькі Лукашэнка можа аддаць загад аб выкарыстанні размешчанай у краіне расейскай тактычнай ядзернай зброі», – гаворыцца ў справаздачы.
Зрэшты, адзначаюць у ISW, Лукашэнка заявіў, што расейскія вайскоўцы прадоўжаць эксплуатаваць сістэму «Арэшнік» у Беларусі. Гэта паказвае на тое, што Масква захавае кантроль над любымі балістычнымі ракетамі гэтага тыпу, разгорнутымі на тэрыторыі «саюзнай» краіны.