Ураджэнца Наваполацка абвінавацілі ў падрыве БАМа
- 5.12.2024, 14:04
Ён удзельнічаў у страйках на «Нафтане».
У Расеі закончаныя асноўныя следчыя дзеянні ў крымінальнай справе аб двух падрывах на БАМе, у якіх абвінавачваюць грамадзяніна Беларусі.
Як паведамляе Коммерсант, грамадзянін Беларусі Сяргей Ерамееў, якому інкрымінуецца ўстаноўка магнітных мін на чыгуначныя саставы з палівам, цалкам прызнаў сваю віну, назваўшы арганізатарам злачынства яшчэ аднаго беларуса, які хаваецца за мяжой.
Басманны раённы суд падоўжыў да года тэрмін утрымання Ерамеева ў следчым ізалятары.
53-гадовы Ерамееў абвінавачваецца ва ўчыненні двух злачынстваў, прадугледжаных п. «а», «в» ч. 2 арт. 205 (тэракты, учыненыя паводле папярэдняй змовы або арганізаванай групай і якія прывялі да прычыненне значнай маёмаснай шкоды) КК РФ.
Гаворка ідзе пра выбухі 29 і 30 лістапада 2023 года на чыгуначных саставах з нафтапрадуктамі, якія рухаліся з Тайшэта ў Тынду і Нерунгры па Байкала-Амурскай магістралі і прывялі да ўзгарання цыстэрнаў з саляркай.
Супрацоўнікі ФСБ затрымалі Ерамеева ў Омску ў снежні мінулага года.
Раней Ерамееў працаваў на НПЗ «Нафтан» у Наваполацку, адкуль яго звольнілі ў 2020 годзе за ўдзел у страйках.