Удзельніка шоў «Х-Фактар» затрымалі за палітыку
- 5.12.2024, 12:09
Яго будуць судзіць паводле двух крымінальных артыкулаў.
Удзельніка беларускага тэлешоў "Х-Фактар" 2021 года Армэна Арзуманяна будуць судзіць 16 снежня ў Менскім гарадскім судзе паводле артыкулаў аб закліках да санкцый і "паклёп" на Лукашэнку. Пра гэта паведаміла “Наша Ніва”.
Армэну Арзуманяну 44 гады. Ён - ураджэнец Азербайджана, але практычна ўсё жыццё правёў у Беларусі, мае грамадзянства нашай краіны. Больш за 15 гадоў Армэн развівае сетку крам падарункаў. Адна з іх - Podari Minsk. Тамака прадаюцца кнігі-сэйфы, вазы, сувеніры і іншыя дробныя падарункі.
Армэн піша музыку пад псеўданімам Арман Алекпераў. Ён двойчы выступаў у песенным тэлешоу "Х-Фактар". Спачатку, у 2018 годзе, - ва Украіне, а пасля 2021 года - у Беларусі. Менавіта ў беларускай праграме ён атрымаў ад сябраў журы станоўчы адказ, але далей выпускаў з ягоным удзелам чамусьці не паказалі.
Армэна пачнуць судзіць 16 снежня ў Менску. Яго абвінавачваюць у закліках да санкцый (ч.3 арт. 361 КК) і «паклёпе» на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 КК). Яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Судзіць Армэна будзе Яўген Пісарэвіч. Ён судзіць беларусаў паводле палітычна матываваных спраў як мінімум з 2016 года.