«Чаму беларускім футболам кіруе аграрый?»
- 5.01.2024, 14:50
Аляксандр Хацкевіч раскрытыкаваў АБФФ.
Ці можа быць у Беларусі футбол высокага ўзроўню? Пра гэта ў вялікім інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў легенда беларускага і ўкраінскага футбола, экс-гулец і трэнер кіеўскага "Дынама" Аляксандр Хацкевіч.
- Ці можа быць у Беларусі футбол высокага ўзроўню? Ці мы проста нефутбольная краіна? Можа, ці варта засяродзіцца на іншых відах спорту? Той жа гандбол, дзе ў нас ёсць нейкія поспехі.
- Вы кажаце “нефутбольная краіна”. Хто футболам кіруе сёння?
- Міністр спорту - былы ахоўнік Лукашэнкі.
- Не, гэта міністр. Футбол - гэта АБФФ.
У мой час там быў лётчык, потым раварыст быў, Румас. Быў палкоўнік Базанаў. Сёння - аграрый (выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны паводле спецыяльнасці «Заатэхнія» Віктар Шарстнёў - заўв.).
А дзе футбольныя людзі? Калі хакеем кіруе байдарачнік, тэнісам - гандбаліст, то пра якое развіццё можа ісці гаворка? Чаму гэтыя людзі, якія менавіта профільныя, якія кіруюць хакеем, гандболам, тэнісам, яны не ў сваіх федэрацыях у веславанні, у гандболе? Мяне пастаў сёння веславаннем кіраваць - я так навяслую, што будуць ехаць у адзін бок двойкі, васьмёркі, чацвёркі, а мы будзем у іншы бок плысці.
- Выходзіць, што рыба гніе з галавы?
- Не можа дзяржава кіраваць усім. Спорт мусіць быць прафесійным і прыватным. Так, вядома, павінна быць Міністэрства спорту, якое кантралюе алімпійскія віды спорту. Але ўсё адно спартоўцы павінны быць у арганізацыі, у клубах, якія фінансуюцца прыватным спосабам.
І калі ў Беларусі кажуць: "Колькі можна карміць спорт?" Вы адпусціце, вы паспрабуйце, дайце людзям, каб яны ўкладвалі свае грошы, каб яны патрабавалі вынік, каб яны маглі даваць заробкі, якія яны хочуць, каб яны маглі запрасіць легіянераў, за кошт якіх можна падняць сёння ўсялякі від спорту.
Але калі дзяржава кантралюе, колькі ты павінен атрымліваць, устанаўлівае столь заробкаў, калі ёсць абмежаванні на выезды, на зборы, то пра якое развіццё можа быць гаворка? А потым кажуць, што яны "праядаюць дзяржаўныя грошы". Спорт мусіць быць прыватным.