Беларускіх спартоўцаў, дапушчаных да Алімпіяды, чакае паўторнае правяранне
- 18.01.2024, 14:21
Яго правядуць незалежныя арганізацыі.
Беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якія прайшлі дабор і атрымалі допуск да Алімпіяды ў Парыжы, чакае паўторнае правяранне. Яго правядуць незалежныя арганізацыі, заявіў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Марк Адамс.
«Мы ў працэсе пошуку і прызначэння незалежных аналітыкаў з добрай рэпутацыяй, якія спраўдзяць кожнага з гэтых спартоўцаў. Людзі, якія кваліфікаваліся, ужо прайшлі адну праверку, але МАК правядзе другую з удзелам незалежных арганізацый», — цытуе словы Адамса ТАСС.
У канцы 2023 года МАК дапусціў беларусаў і расейцаў да Алімпіяды ў Парыжы (акрамя камандных спаборніцтваў) выключна ў нэйтральным статусе. На Алімпіяду змогуць паехаць спартоўцы, якія прайшлі дабор у сваіх тыпах спорту. У Менску незадаволеныя ўмовамі дапускання беларускіх атлетаў да Алімпіяды.
Беларускі і расейскі спорт патрапілі пад санкцыі пасля 24 лютага 2022-га, пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны. У далейшым Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць спартоўцаў з Беларусі і Расеі да спаборніцтваў на пэўных умовах. Але не ўсе Федэрацыі з гэтым пагадзіліся.
Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.