BE RU EN

Дугін заявіў аб аднаўленні манархіі ў Расеі

  • 10.01.2024, 19:08

У РФ, насуперак яе Канстытуцыі, не існуе ні парламента, ні дэмакратыі.

У Расеі, насуперак яе Канстытуцыі, не існуе ні парламента, ні дэмакратыі, а фактычна ўстаноўленая манархія на чале з дзейным кіраўніком дзяржавы, мяркуе Аляксандр Дугін - ідэолаг «расейскага свету» і адзін з заснавальнікаў дактрыны нэаеўразійства.

«Рэальнасць трымаецца на тых, хто ў яе верыць. Я думаю, Парламента ў нас не існуе, як не існуе ў Расеі і ліберальнай дэмакратыі. А існуе манархія і яе кіраўнік. І што ён захоча, так яно і будзе», - напісаў Дугін на сваім канале ў Telegram 10 студзеня.

Ён таксама адзначыў няважнасць тых ці іншых законаў, а таксама і тых людзей, якія іх пішуць або падтрымліваюць. На меркаванне філосафа, усё гэта «скокі баяраў да пары да часу», пакуль на свавольствы гэтай «сябелюбнай і зладзейскай сволачы» не звярнула ўвагу гасударавае вока.

У цяперашні ж момант, мяркуе аўтар нэаеўразійскай дактрыны, Уладзіміру Пуціну варта абагрэць поглядам жыхароў Маскоўскай вобласці, якія замярзаюць. «Звярні ж сваё вока, Васпан, на людзей тваіх, у блізкім Падмаскоўі замярзаючых. Звернеш, і будзе цёпла. Не звернеш, скрадуць апошняе і ўсе замерзнуць. Прычым тут Дума, законы ці Урад?» - задаецца Дугін пытаннем у сваім допісе.

Да абмену меркаваннямі з Дугіным далучыўся яго калега па ідэалогіі, філосаф і палітолаг Аляксей Чадаеў (які прайшоў шлях ад памочніка лідара «Салідарнасці» Барыса Нямцова да дарадцы спікера Дзярждумы Вячаслава Валодзіна). Са слоў Чадаева, парламент даўно пара перайменаваць у «сабор», які складаецца з «савета» (сход прадстаўнікоў) і «думы» (сход заканадаўцаў). І дапоўніць яго «вечам» - рэферэндумным механізмам наўпроставай дэмакратыі. Слова ж «парламент» у значэнні «гаварыльня» аддаць на водкуп тэлецэнтру «Астанкіна», каб менавіта там было «месца для рэгулярных публічных абмеркаванняў на значныя тэмы, якія транслююцца на ўсю краіну».

Апошнія навіны