BE RU EN

У Беларусі са шматдзетнай маці спагналі больш за 10 тысяч даляраў

  • 10.01.2024, 16:07

«Няправільна» набыла кватэру.

Пракуратура пастанавіла ўмяшацца ў распараджэнне грашыма шматдзетнай маці з Дзятлава. На думку ведамства, яна выкарыстоўвала сямейны капітал не па прызначэнні, паведамілі ў пракуратуры Гарадзенскай вобласці.

У 2020 годзе шматдзетнай маці з Дзятлава далі права датэрмінова распарадзіцца сродкамі сямейнага капіталу ў суме 10 тысяч даляраў. Грошы павінны былі пайсці на куплю кватэры.

«Пры гэтым атрыманне жанчынай такой магчымасці было разлічанае на фактычнае «атрыманне гатоўкі» грашовых сродкаў, а не выкарыстанне іх паводле мэтавага прызначэння», - адзначылі ў пракуратуры.

Паводле дамовы пакупніца кватэры павінна была пералічыць на рахунак прадаўца 50 тысяч рублёў, 24,6 тысяч з якіх складаў сямейны капітал з адсоткамі. У выніку былі пераведзеныя 10 414 даляраў капіталу, але пасля акалічнасці пакупкі кватэры змяніліся.

«Далей у кастрычніку 2020 года ў натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна пакупнік і прадавец падпісалі дамову куплі-продажу названай кватэры за 50 тысяч рублёў, па ўмовах якой разлік паміж бакамі зроблены да яе ўкладання», - распавялі ў пракуратуры.

Гэта значыць, была ўкладзеная іншая дамова, якая не датычылася сямейнага капіталу. У выніку дзяржпадтрымка была «абнаяўленая» і наўпрост сродкі на кватэру не пайшлі.

Таму раённая пракуратура выставіла жанчыне пазоў для спагнання 10 414 даляраў у інтарэсах дзяржавы - як выкарыстаных не паводле мэтавага прызначэння.

Пастановай суда пазоўная заява пракурора задаволеная цалкам.

Апошнія навіны