Байдэн адным з апошніх даведаўся, што ў кіраўніка Пентагона выявілі рак
- 10.01.2024, 11:05
Пра дыягназ не ведала і намесніца Лойда Осціна.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн даведаўся аб тым, што ў ягонага міністра абароны Лойда Осціна дыягнаставалі рак прастаты, толькі ўчора, 9 студзеня.
Пра гэта паведамілі ў Белым доме праз некалькі хвілін пасля таго, як аб хваробе стала вядома грамадскасці, піша Reuters.
«Яму (Байдэну - рэд.) не паведамлялі да мінулага (чацвярга - рэд.) дня, што сакратар Осцін знаходзіцца ў лякарні. І толькі сёння раніцай яму паведамілі, што асноўнай прычынай шпіталізацыі стаў рак прастаты», - сказаў каардынатар Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.
У той жа час стала вядома, што намесніца Лойда Осціна Кэтлін Хікс таксама не ведала дэталяў ягонай хваробы, нават пасля таго, як 2 студзеня ёй загадалі ўзяць на сябе частку ягоных абавязкаў.
Нагадаем, што 70-гадовы Лойд Осцін з 1 студзеня знаходзіцца ў лякарні Нацыянальнага вайсковага-медыцынскага цэнтра імя Уолтара Рыда. Пентагон хаваў гэта ад грамадскасці, Белага дома і Кангрэса большую частку мінулага тыдня.
9 студзеня Нацыянальны ваенна-медыцынскі цэнтр Уолтара Рыда заявіў, што міністр абароны ЗША Лойд Осцін лечыцца ад раку прастаты. Яго знайшлі на ранняй стадыі.