8 верасня — Дзень беларускай вайсковай славы
- 8.09.2023, 17:41
Перамаглі ў 1514-м — пераможам і сёння!
509 гадоў таму, 8 верасня 1514 года, войскі Вялікага княства Літоўскага распляжылі войскі Маскоўскага княства, якія перасягалі яго амаль утрая.
Бітва стала пераломнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі яго войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Канстанцін Астрожскі. Ён узначальваў 30-тысячнае войска ВКЛ, якое цалкам разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска. Князь, стараста Брацлаўскі і Вінніцкі, ваявода Троцкі да таго часу правёў больш за пяцьдзесят паспяховых бітваў супраць крымскіх татараў.
Асноўнай часткай кавалерыі камандаваў Юры Радзівіл "Геркулес", асобнымі аддзеламі — слуцкі князь Юрый Алелькавіч і Іван Сапега.
Перамога князя Канстанціна Астрожскага над ардой маскоўскіх баяраў шмат у чым была вызначаная масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку 16 стагоддзя была сенсацыйнай навінкай у вайсковым мастацтве.
Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Воршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войскаў. Гетман паставіў канкрэтныя задачы для сваёй пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вызначальную ролю ў разгроме фанабэрыстых ваявод Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы.
Астрожскі выставіў супраць маскавітаў тры тысячы спрактыкаваных стральцоў, ды яшчэ і з гарматамі. Яны білі ворага не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь нападны баявы парадак наскрозь.
Характэрная і падрыхтоўка, зробленая гетманам напярэдадні генеральнай бітвы, калі неабходна было стоена выставіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў засланіць пераправу гармат лёгкую кавалерыю, якая адагнала маскавітаў ад мастоў, што наводзяцца цераз раку Дняпро.
Па іх і прайшлі вазы з артылерыяй і баявымі прыпасамі. Лёгкая кавалерыя ВКЛ выканала таксама манэўры заваблівання, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Жыгімонт Гербэрштайн у вядомых «Нататках аб Масковіі» (1549), маскоўскія ваякі патрапілі пад масавы агонь артылерыі ВКЛ. Нішчачы першыя шэрагі, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь гармат на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.
Фактычна артылерыстыы Астрожскага сваім баявым мастацтвам падрыхтавалі вызначальную контратаку закаванай у латы максіміліянаўскага тыпу цяжкай конніцы, якая наносіла ўдар дзідамі ў стуленай лініі. Гэтыя коннікі жалезным мурам прыціснулі пабітых ворагаў да берага ракі Крапіўны, у водах якіх патанула мноства ваяроў Масковіі.
Перамога ў Аршанскай бітве сарвала планы першага геапалітычнага падзелу Усходняй Еўропы, якія снавалі маскоўскі цар і імператар Святой Рымскай імперыі. Паводле іх Вялікае княства Літоўскае мелася спыніць сваё існаванне ў якасці незалежнай дзяржавы, а яго землі — адысці да Масквы.
У бітве пад Воршай наша краіна абараніла сваю незалежнасць. На некалькі дзесяцігоддзяў была спыненая агрэсія Маскоўскай дзяржавы. Бітва сарвала вялікі хаўрус Святой Рымскай імперыі, Тэўтонскага ордэна, крымскіх татараў і Маскоўскага княства. Пасля яе германскі імператар адмовіўся ад хаўрусу з Масквой, а ўступіў у звяз з вялікім князем літоўскім і польскім каралём.
Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі пад канец 1980-х. А ў 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 жаўнераў запасу. Праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часціны.
Беларусы і сёння працягваюць слаўныя традыцыі гетмана Астрожскага і сваіх продкаў, змагаючыся ў складзе ахвотніцкіх злучэнняў супраць расейскага войска ва Украіне.
Вайсковую славу беларусаў, здабытую пад Оршай, штодня пацвярджаюць камандзіры і байцы палка імя Кастуся Каліноўскага: Дзяніс "Кіт" Прохараў, Дзяніс "Ваўкалак" Урбановіч, Павел "Дзядзька" Шурмей, Аляксандр "Кусь" Клачко, Ян "Беларус" Мельнік.
Байцы палка адшліфавалі сваё майстэрства ў бітвах на самых складаных дзялянках фронту ва Украіне. Так, батальён "Волат" штурмаваў расейскія пазіцыі пад Бахмутам у перыяд, калі места-фартэцыя была самай гарачай мясцінай на карце вайны.
Вайсковыя эксперты высока ацэньваюць майстэрства і досвед палка Каліноўскага. Не раз выказвалася тэза, што для вызвалення Беларусі дастаткова тысячы байцоў палка, якія маюць вялізную маральную і тактычную перавагу над войскамі Лукашэнкі.
Але галоўнае — безумоўная падтрымка насельніцтва. Сёння беларусы звязваюць надзею на вызваленне краіны менавіта з героямі, якія атрымалі баявы досвеж у бітвах з расейскімі акупантамі ва Украіне.
«Перамаглі ў 1514-м — пераможам і сёння!»