Губернатарка Нью-Ёрка ўвяла рэжым НС
- 29.09.2023, 21:54
Праз залевы.
Рэжым НС абвясцілі ў Нью-Ёрку праз паводку пасля залеваў, паведаміла губернатарка штата Кэці Хокул у сваім Twitter.
«Я абвяшчаю надзвычайнае становішча ў Нью-Ёрку, Лонг-Айлендзе і даліне Гудзона праз моцныя дажджы, якія мы назіраем па ўсім рэгіёне», – напісала Хокул. Яна заклікала жыхароў не перамяшчацца па затопленых дарогах.
Тэлеканал NBC News паведаміў, што паводка прывяла да сур'ёзных затрымак у працы метро ў Нью-Ёрку. Дарогі ў горадзе заліло вадой. Паводле прагнозаў, дождж не спыніцца ў найбліжэйшыя дні, і з пятніцы да раніцы суботы на паўночным усходзе штата можа выпасці рэкордная колькасць ападкаў: калі ў Нью-Ёрку за 29 верасня выпадзе больш за 7,13 цаляў дажджу (181,1 мм), гэта стане гістарычным паказнікам за ўвесь час назіранняў.
Мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс папярэдзіў, што могуць выпасці 8 цаляў ападкаў (203,2 мм).
Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША паведаміла, што папярэджанне пра залевы закранула 8,5 млн чалавек у Нью-Ёрку. Перапоўненая каналізацыя «не можа адэкватна» адвесці дажджавую ваду, чаму здарылася паводка, піша The Guardian.