СМІ: Украінская ДРГ уступіла ў бой з войскамі РФ у Бранскай вобласці
- 29.09.2023, 19:11
Што вядомае
Украінская дыверсійна-выведвальная група паспрабавала зайсці ў пасёлак Лугавы Бранскай вобласці, піша Mash. Паводле яго звестак, ДРГ колькасцю амаль 50 чалавек уступіла ў бой з расейскімі войскамі. Для сілавых ведамстваў абвясцілі агульны збор. Таксама былі перацятыя дарогі ў Навазыбкаўскім раёне рэгіёна.
Узброенымі аўтаматамі Калашнікава дыверсанты спрабавалі прарвацца на тэрыторыю Расеі на баявых машынах пяхоты, удакладняе Shot. Памежнікі засеклі іх у лесапаласе ля ракі Сноў недалёка ад пасёлка Лугавога. Перад спробай рэйду дыверсанты правялі артабстрэл.
Baza піша, што бой вёўся каля пасёлка Каменскага Хутара. Мясцовыя жыхары чулі выбухі і аўтаматныя чэргі. Дарогі ў Клімаўскім раёне былі таксама перацятыя, грамадзян папрасілі ўстрымацца ад паездак. На гэты час баявыя дзеянні скончыліся, ідзе зачыстка тэрыторыі, людзей просяць заставацца ў сховішчы.
Наваропская сельская адміністрацыя Клімаўскага раёна пацвердзіла, што ДРГ здзейсніла спробу прарыву ля вёскі Каменскага Хутара.