BE RU EN

Расея скацілася ў прамысловую рэцэсію

  • 29.09.2023, 18:01

Жнівень стаў трэцім месяцам спаду вытворчасці.

Пакуль улады рапартуюць аб пераадоленні крызісу і эканамічным росце, Расстат зафіксаваў, што прамысловасць скацілася ў рэцэсію. Жнівень стаў трэцім месяцам спаду вытворчасці, калі прыбраць сезонны і каляндарны фактары: у чэрвені-жніўні ён склаў 0,2%, 0,1% і 0,3%, прыводзіць звесткі статыстычная служба. Эксперты ў залежнасці ад сваіх мадэляў таксама тлумачаць звесткі Расстата так, што прамысловы рост спыніўся і нават змяніўся спадам, калі не рэцэсіяй.

Паводле статыстыкі, «у прамысловасці можна канстатаваць наступ рэцэсіі», пішуць эксперты блізкага да ўладаў Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання (ЦМАКП). На іх адзнаку, жнівень стаў трэцім запар месяцам, у якім адзначаецца слабое паніжэнне аб'ёмаў вытворчасці. Калі прыбраць сезоннасць, тэмп прыросту да ліпеня склаў -0,3%, а ў параўнанні з траўнем, калі быў дасягнуты гістарычны максімум, -0,5%. На ацэнку самога ЦМАКП (ён выключае з агульнага кошыка «ненадзейныя» пазіцыі, напрыклад, дзе звесткі ў розны час удакладняліся больш, чым на 10%), сітуацыя крыху больш пазітыўная: прыпыненне ўздыму адбылося толькі ў жніўні. Але і маштабы папярэдняга росту цэнтр ацэньваў больш сціпла, «так што наш узровень, на якім фіксуецца «прабуксоўка» прамысловага росту, практычна супадае з ацэнкай Расстата».

Тармажэнне ўздыму эксперты ЦМАКП звязваюць пераважна з памяншэннем здабычы вуглевадародаў, у той час як у апрацоўчых вытворчасцях агулам рост працягнуўся (хоць і павольней, чым раней).

Такія вынікі і высновы ў аналітыкаў MMI: прамысловасць трэці месяц запар топчацца на месцы, а ў жніўні быў невялікі спад. Нягледзячы на абсалютна фантастычную сітуацыю ў абаронцы, «перагрэтая прамысловасць не можа працягваць рост нават пры трохзменнай працы абаронных прадпрыемстваў», папярэджвалі яны ў ліпені.

Эканоміка, відавочна, перавысіла свой патэнцыйны ўзровень, пісалі ў верасні аналітыкі Цэнтрабанка (гэта не яго афіцыйная пазіцыя): «Магчымасці для хуткага росту выпуску ў большасці галін, імаверна, вычарпаныя …> Нараўне з рэкорднай і, магчыма, блізкай да лімітавай загрузкай магутнасцяў, абмежаваннем для наступнага росту выпуску кампаніі становіцца рост недахопу персаналу».

Пры тым катастрафічным дэфіцыце працоўных рэсурсаў, з якім сутыкнулася прамысловасць, далейшае нарошчванне выпуску выглядае «вельмі сумнеўным», а спробы яго стымуляваць – шкоднымі, разважаюць аналітыкі MMI: «Ва ўмовах, калі прамысловасць уперлася ў свой патэнцыял, агрэсіўна-стымулюючая бюджэтная палітыка выглядае абсурдна. Зразумела, што гэта робіцца для нарошчвання выпуску ўзбраенняў, але для мірных галін гэта адгукнецца адтокам кадраў і зніжэннем выпуску».

Апошнія навіны