Румынія рыхтуецца збіваць расейскія дроны
- 29.09.2023, 17:27
Да мяжы з Украінай перакідваюць СПА.
Румынія перамяшчае сістэмы супрацьпаветранай абароны бліжэй да мяжы з Украінай на рацэ Дунай, дзе расейскія БПЛА атакуюць парты са збожжам, паведамілі дзве высокапастаўленыя крыніцы ў абароне, паведамляе Reuters.
Акрамя таго, краіна ўзмоцніць гэты адцінак вайсковымі наглядальнымі пунктамі і патрулямі.
Гэтыя меры, як і разгортванне Злучанымі Штатамі дадатковых знішчальнікаў F-16 і пашырэнне беспалётнай зоны з'яўляюцца прыкметай росту асцярогі Румыніі і NATO што да таго, што вайна ва Украіне можа перакінуцца на яе тэрыторыю.
Крыніцы заявілі, што выпадкі падзення абломкаў беспілотнікаў у Румыніі падкрэсліваюць рызыку непаразумення паміж Расеяй і NATO, што падахвочвае румынскія ўзброеныя сілы ўзмацніць бяспеку ў гэтым раёне для абароны цывільнага насельніцтва.
Аднак суразмоўцы дадалі, што ім невядома ніводнага выпадку, калі цалкам спраўныя расейскія беспілотнікі ўваходзілі ў паветраную прастору Румыніі, а тры выпадкі падзення БПЛА і іх абломкаў унутры краіны не ўтрымлівалі ў сабе выбухоўкі.
Яны таксама заявілі, што Расея змяніла тактыку, што таксама можа прывесці да большай імавернасці хібнасці.
У ліпені, калі краіна-агрэсарка пачала абстрэльваць дунайскія парты, расейцы дасягнулі больш мэтанакіраванага поспеху, паколькі Украіна яшчэ не стварыла ў гэтым раёне разгалінаваных сістэм супрацьпаветранай абароны.
Цяпер, калі гэта адбылося, ударныя беспілотнікі, як правіла, лётаюць ніжэй, што абцяжарвае іх збіванне, яны часта ідуць па плыні Дуная і прылятаюць «чародамі». Акрамя таго, Расея запускае фальшывыя цэлі для знясілення ўкраінскай СПА.