«Рамонт у вашым пад'ездзе будзе, толькі за ваш кошт»
- 29.09.2023, 15:39
Беларуска расказала пра выкрут уладаў у ЖКГ
Чытачка сайта Charter97.org жыве ў доме 1990 гады пабудовы і стала плаціць за капрамонт, але эфекту пакуль не назірае:
- Неяк так сталася, што за гэты час нашы пад’езды ператварыліся ў катакомбы: сцены аблупленыя, столь пазакурваная, сходы аблезлыя, паштовыя скрыні паламаныя ды размаляваныя. Пачалі жыхары дома звяртацца ў камунальную гаспадарку: маўляў, спадарства, пара ўжо зрабіць у нашым доме капітальны рамонт. На просьбу атрымалі адказ у стылі «денег нет, но вы держитесь». Маўляў, сёння на чарзе на рамонт у сталіцы стаяць дамы 70-х гадоў пабудовы, таму вам яшчэ 20 гадоў паплаціць адлічэнні і можна чакаць рамонту.
Але лукашысцкія прайдзісветы не абмінуць нагоду яшчэ больш абабраць беларусаў, і праз тыдзень шлюць жыхарам дэпешу з радаснай навіной: рамонт у вашым пад’ездзе будзе, толькі за ваш кошт.
Далей ішла лічба, якую мне давялося паказаць мужу, каб пераканацца, што я правільна бачу – 863,21. Ну і вядома, каб жыхары не дужа хваляваліся, што на фарбаванне пад’езда трэба заплаціць заробак настаўніка, заспакаяльнае тлумачэнне, што сума будзе падзеленая на 12 месяцаў і ўнесеная ў рахунак.
Калі памножыць гэтую суму на колькасць кватэр, то, думаю, наш пад’езд можна было б і тканінай абабіць.
Сабраліся мы сваім пад’ездам, абмеркавалі, і пастанавілі, што ў сённяшніх варунках беларусам трэба проста фізічна выжыць. З лозунгам «не чапай ліха, покі ціха» і разышліся. Бо самі на сваю галаву напісалі. А з шулерамі лепш не чапацца.