На волю выйшаў экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны»
- 29.09.2023, 14:37
Віктар Фянчук правёў у калоніі паўтара годы за пратэсты.
Былы кіраўнік ліквідаванай уладамі "Аховы птушак Бацькаўшчыны", навуковец-арнітолаг Віктар Фянчук выйшаў на волю з калоніі, паведамляе "Еўрарадыё".
Паводле “Еўрарадыё”, Віктар Фянчук цалкам адбыў прызначаны тэрмін і выйшаў на волю.
Нагадаем, 12 траўня 2022 года суд прызнаў навукоўца вінаватым паводле артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Нагодай паслужылі некалькі фота з пратэстных маршаў, у якіх ён удзельнічаў.
Арнітолага прысудзілі да 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, залічыўшы праведзены ў СІЗА час як дзень за паўтара. Такім чынам, ён правёў у зняволенні блізу паўтара года.
Віктар Фянчук узначальваў "Ахову птушак Бацькаўшчыны" з 2007 да 2014 года, потым быў яе супрацоўнікам. АПБ - адна з найбуйнейшых прыродаахоўных арганізацый Беларусі, якая больш за 20 гадоў займалася аховай птушак і захаваннем біяразнастайнасці ў краіне.
Віктара Фянчука затрымалі 1 верасня 2021 года, а арганізацыю ліквідавалі ў сакавіку 2022-га, абвінаваціўшы ў “экстрэмізме пад выглядам валанцёрства”. За падтрымку пратэсту з дапамогай выказвання "Птушкі з народам".