Расейскія прапагандысты хацелі высмеяць Веру Брэжневу, але падставілі самі сябе
- 29.09.2023, 14:26
Спявачка выпусціла кліп на песню на ўкраінскай мове.
Расейскія прапагандысты працягваюць актыўна сачыць за жыццём і творчасцю ўкраінскай спявачкі Веры Брэжневай, каб не ўпусціць магчымасць абняславіць яе. Аднак чарговым разам, як і заўсёды, абняславіліся, піша obozrevatel.com.
Не прайшло і некалькі гадзін пасля анонсу новай песні зоркі «Дякую», як расейскія прапагандысты кінуліся разважаць над унутраным станам артысткі. Загалоўкі расейскіх СМІ застракацелі словамі аб разводзе спявачкі з Канстанцінам Меладзэ, хоць сама яна на гэта ні словам не намякала.
«Вельмі доўга ў мяне была ўнутраная жалоба. Унутры была цішыня і цемра, не гучала музыка, і ўсмешка, калі і была, то толькі на твары, не ў вачах і не ў душы. Я была ў разабраным стане, шукала свае сэнсы, адказы на пытанне, і проста спрабавала жыць у моманце», – падзялілася выканаўца абстрактнымі перажываннямі без прывязкі да падзей.
Хутчэй за ўсё, прычынай такога «разабранага стану» стаў пераезд Брэжневай з РФ, поўнамаштабная вайна, хейт і ўсведамленне сябе як украінскай спявачкі. Зрэшты, прапагандысты ўбачылі ў прызнанні зоркі толькі намёкі на тое, што яе шлюбу прыйшоў гамон.
Расейскія СМІ абняславілі знакамітасць, назваўшы яе «нястрымнай жонкай» і выдалі, быццам Меладзэ «выставіў яе з дому за праўкраінскую пазіцыю». Гэтая версія, дарэчы, дыяметральна супрацьлеглая папярэдняй, дзе тыя ж расейцы пісалі, быццам Брэжнева «абабрала мужа да ніткі», а ён спіўся ад гора.
Аднак гэта не адзіны момант, дзе Расейскія СМІ падставілі самі сябе. Допіс, які яны паказалі публіцы, нават не арыгінальны, а перакладзены з украінскай мовы на расейскую.
Напраўду, у сваёй новай песні «Дякую» Брэжнева распавяла пра практыку падзякі, якую рабіла штодня на працягу 108 дзён.
«Энергія, якая нарадзілася ў працэсе, трансфармавалася праз мову музыкі. І песня, і відэа, здымкі якога праходзілі на Кіеўскім моры з 6 раніцы і да каменданцкай гадзіны, напоўнены святлом, зместам і верай», - напісала зорка, у які раз даказваючы, што ўнутраныя перажыванні артысткі былі звязаныя з лёсам сваёй краіны, а не з «разводам».