«Газпром» зрабіў справаздачу аб рэкордным у гісторыі краху здабычы газу
- 29.09.2023, 14:18
Кітай купіць сёлета ў сем разоў менш, чым імпартаваў Еўразвяз.
"Газпром" зазнае рэкорднае ў сваёй гісторыі падзенне здабычы прыроднага газу пасля страты еўрапейскага рынку, куды да вайны ішла да траціны здабытай кампаніяй сыравіны, паведамляе The Moscow Times.
За першае паўгоддзе здабыча "Газпрома" склала 179,45 млрд кубамэтраў, паведаміла кампанія ў штоквартальнай справаздачы. У параўнанні з тым жа перыядам 2022 года аб'ёмы ўпалі на 25%, а калі параўноўваць з даваенным перыядам — практычна на траціну: у студзені-чэрвені 2021 года "Газпром" здабыў 260,8 млрд кубоў.
Ні разу за тры дзесяцігоддзі сваёй гісторыі найбуйнейшая газавая кампанія свету не скарачала вытворчасць настолькі імкліва. Так, у 2009 годзе, на фоне глабальнага фінансавага крызісу, "Газпром" зрэзаў здабычу на 16%, а пасля раскідання СССР — толькі на 12% (у перыяд з 1992 да 1998 года).
Фактычна продаж газу на ўнутраны рынак і за мяжу стаўся яшчэ ніжэйшы — 166 млрд кубамэтраў за 6 месяцаў, што на 27% менш, чым годам раней. "Зніжэнне здабычы газу групы звязанае з прыняццем у шэрагу краін палітычна матываваных пастаноў, накіраваных на адмову ад імпарту расейскага газу", – тлумачыць "Газпром" у справаздачы.
Валодаючы самымі вялікімі на планеце запасамі газу, якія ацэньваюцца на 67 трлн кубамэтраў, Расея засталася без магчымасці яго прадаваць пасля таго, як Крэмль спачатку запатрабаваў ад еўрапейскіх кліентаў аплачваць пастаўкі "ў рублях", а затым паслядоўна адлучыў ад трубы ўсе краіны, якія адмовіліся прыняць ультыматум. І хоць улады песцяць надзею павярнуць газавыя струмені на ўсход і стварыць "газавы вузел" у Турцыі, у рэальнасці падзець лішні газ проста няма куды: блізу90 млрд кубамэтраў штогадовай здабычы засталося без пакупнікоў, ацэньвае Bloomberg.
Кітай, згодна з планам эксплуатацыі газаправода "Моц Сібіру", купіць сёлета 22 млрд кубамэтраў газу — у 7 разоў менш, чым да вайны імпартаваў Еўразвяз. А прапанова прэзідэнта Уладзіміра Пуціна нарасціць прапампоўванне да 100 млрд кубоў, абвешчаная на сустрэчы з Сі Цзіньпінам у Крамлі, засталася без адказу. Замест новай расейскай трубы, адно будаўніцтва якой зойме не менш за пяць гадоў і каштавацьме мільярды даляраў, Кітай даў згоду на праекту газаправода з Туркменіі.
За другое паўгоддзе 2022 года "Газпром" атрымаў 1,2 трлн рублёў чыстых страт. У студзені-чэрвені 2023 года кампаніі выпала выйсці на прыбытак (296 млрд рублёў), які, зрэшты, стаўся ў 5 разоў ніжэйшы за леташні і кампенсаваў толькі адну шостую ад назапашаных страт. Больш за год "Газпром" жыве ў рэжыме касавага разрыву, калі паступленні на рахункі не пакрываюць адток, і вымушаны марнаваць запасы наяўных грошай, каб аплаціць выдаткі. "Грашовая падушка" кампаніі за перыяд з ліпеня 2022 года да ліпеня 2023-га "скурчылася" ўтрая — з 2 да 0,7 трлн рублёў.
Каб залатаць бюджэт газавай манаполіі, расейскія ўлады плануюць рэкорднае за 11 гадоў павышэнне газавых тарыфаў для насельніцтва: з ліпеня 2024 года яны будуць павялічаныя на 11,2%, а з ліпеня 2025 года — яшчэ на 8,2%. Падрахункам за два гады газ падаражэе для грамадзян на 20%, а з пачатку вайны — на 34%: у мінулым годзе тарыфы індэксавалі двойчы — на 3% у ліпені і на 8, 5% у снежні. У 2023 годзе індэксацыя не праводзілася.
Летась "Газпром" прадаў на замежныя рынкі 100 млрд кубоў — мінімальны аб'ём з апошніх гадоў Савецкага Саюза. А сёлета яго экспарт у Еўропу абрынуўся да ўзроўняў брэжнеўскага застою — 12 млрд кубамэтраў у першай палове года.
Нават у гіпатэтычным сцэнары, калі вайна заканчваецца, рэжым Пуціна разбураецца, а Масква спрабуе нармалізаваць стасункі з Захадам, вярнуцца на еўрапейскі газавы рынак будзе няпроста, мяркуе Кацярына Філіпенка, кіраўніца нафтагазавых даследаванняў у Wood Mackenzie: «Расея парушыла давер бізнэсу і ўрадаў у Еўропе. І спатрэбіцца час, каб нанава стварыць гэты давер і вярнуцца з якімі-небудзь дадатковымі аб'ёмамі (газу)».