Перайшлі чыгунку: расейскія прапагандысты ў паніцы ад наступу УСУ пад Бахмутам
- 29.09.2023, 10:36
Украінскія войскі імкліва рухаюцца на ўсход ад Андрэеўкі і Кляшчыеўкі.
Украінскія войскі, вызваліўшы Андрэеўку і Кляшчыеўку, рухаюцца наперад — пераадоленая чыгунка на Бахмуцкім кірунку. Інфармацыю пачалі пацвярджаць расейскія прапагандысты, у тым ліку Z-ваенны карэспандэнт Аляксандр Коц, паведамляе Диалог.UA.
Увечары 28 верасня Коц выдаў допіс аб сітуацыі пад Бахмутам. Ён паскардзіўся, што ўкраінскія войскі «паперлі» ля Кляшчыеўкі і ўжо перайшлі чыгунку.
Аб гэтым поспеху ўкраінскія вайскоўцы паведамілі яшчэ 27 верасня, аднак прапагандысты РФ больш за дзень маўчалі. У выніку яны былі змушаныя прызнаць відавочнае.
«Вельмі актыўны сустрэчны бой, з іхняй стараны проста лютая артылерыя і мінамёты. Працуюць пісьменна», — напісаў Коц, спасылаючыся на крыніцу на месцы.
Адзначым, што апошнія месяцы УСУ паспяхова ўразаюцца ў флангі Бахмута на поўдні і поўначы, беручы места ў абцугі. Шэраг важных вышынь ужо знаходзіцца пад кантролем украінскага войска, у сувязі з чым акупантам становіцца ўсё складаней утрымліваць места.
Дынаміка на гэтай дзялянцы фронту такая, што неўзабаве расейцам давядзецца здзейсніць новы "крок добрай волі" і выбірацца з Бахмута, які становіцца пасткай.
Пра такую перспектыву ўжо шчыра гавораць крамлёўскія прапагандысты, рыхтуючы народ РФ да новага «перагрупавання».