«Пашпартны» ўказ Лукашэнкі пачаў дзейнічаць у навучальных установах
- 29.09.2023, 9:38
Пад абмежаванні патрапілі выпускнікі і былыя навучэнцы.
Навучальныя ўстановы перасталі выдаваць дублікаты дакументаў аб адукацыі, спасылаючыся на нормы ўказа Лукашэнкі. Пад абмежаванні патрапілі выпускнікі і былыя навучэнцы, якія пакінулі краіну. Ім прапануецца вярнуцца і самім забраць патрэбнае, піша “Наша Ніва”.
У такой сітуацыі апынулася былая студэнтка аднаго з менскіх універсітэтаў. Дзяўчына адвучылася тры курсы і вымушаная была разам з бацькамі ратавацца ад пераследу за мяжой.
Сёлета яна наважыла працягнуць навучанне за мяжой. Для паступлення патрэбны атэстат «Аб агульнай сярэдняй адукацыі» і выпіс з ацэначнай ведамасці як пацвярджэнне таго, што яна вучылася ва ўніверсітэце.
Гэтыя дакументы не аддалі сваячцы дзяўчыны, аргументуючы адмову ўказам Лукашэнкі №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў».
Даручэнне, якое склала за мяжой былая студэнтка, у беларускай ВНУ назвалі нядзейным. Супрацоўнікі адміністрацыі прапанавалі дзяўчыне самой прыехаць па тое, што ёй патрэбнае.
Бацькі перакананыя, што дачка з Беларусі не вернецца.
Аб тым, што дакументы аб адукацыі нельга атрымаць паводле даручэння, выдадзенага за мяжой, пацвердзілі ў БДУ. Там заявілі, што «на сёння крыху змянілася заканадаўства». Па такія дакументы трэба прыязджаць самому былому студэнту, альбо іх аддадуць іншай асобе паводле даручэння, выдадзенага натарыяльна ў Беларусі, патлумачылі ў навучальнай установе.
У Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце спачатку супрацоўніца аддзела кадраў сказала, што атрымаць дакументы паводле замежнага даручэння, перакладзенага на расейскую мову, можна, а потым пасля падказу калег заявіла, што нельга. Аргументаваць чаму, не стала.
У БДУІР не бачаць перашкод у тым, каб выдаць дакументы аб адукацыі паводле даручэння, выдадзенага за мяжой. Галоўнае, каб яно было перакладзенае на расейскую мову. На згадку пра ўказ Лукашэнкі супрацоўніца ўніверсітэту адрэагавала:
«Ён не датычыцца нас. Яшчэ раз паўтараю, у нас можа атрымаць дакументы. Нам так сказалі юрысты».
У «пашпартным» указе Лукашэнкі пералічваюцца натарыяльныя функцыі, якіх пазбавіліся консульствы.
Адукацыя значыцца ў дадатку да ўказа пад сёмым нумарам. З тлумачэння вынікае, што па дакументы аб адукацыі, дадаткі да іх ды іх дублікаты трэба звяртацца асабіста або з выдадзеным у Беларусі даручэннем.
Указ Лукашэнкі ўвайшоў у дзеянне 7 верасня і істотна ўскладніў жыццё грамадзянам Беларусі за мяжой. Асноўны яго пункт — забарона на выдачу і замену пашпартоў у беларускіх консульствах за мяжой. Указ называюць крокам у кірунку пазбаўлення беларускіх эмігрантаў беларускага грамадзянства.