BE RU EN

Краіны NATO размесцяць больш за 180 знішчальнікаў паблізу расейскіх межаў

  • 28.09.2023, 21:47

Шэраг краінаў Усходняй і Паўночнай Еўропы рэзка нарасціў набыццё амерыканскіх знішчальнікаў F-35.

Шэраг краінаў Усходняй і Паўночнай Еўропы, у тым ліку Фінляндыя, якая нядаўна ўступіла ў NATO, рэзка нарасцілі набыццё амерыканскіх знішчальнікаў пятага пакалення F-35 на фоне вайны Расеі ва Украіне.

У сераду, 27 верасня, прэм'ер-міністр Чэхіі Пётр Фіяла паведаміў пра пастанову набыць у ЗША 24 такія самалёты. На гэтыя мэты плануецца выдаткаваць блізу 150 млрд кронаў ($6,5 млрд). Першыя F-35 будуць гатовыя ў 2029 годзе. Тады ж чэшскія пілоты пачнуць навучацца на іх у ЗША. Знішчальнікі будуць паступаць у Чэхію партыямі, з 2031 да 2035 года.

Фіяла ўдакладніў, што пастанова пра набыццё прынятая «на аснове рэкамендацыі войска». «За адно з галоўных сваіх абавязальніцтваў урад уважае гарантаванне бяспекі нашых грамадзянаў і ў цэлым нашай краіны. А лепш за ўсё гэта рабіць шляхам мадэрнізацыі нашага войска і яго забеспячэння тым, у чым яно сапраўды мае патрэбу», – сказаў прэм'ер.

26 верасня Румынія абвесціла пра намер набыць у ЗША 48 знішчальнікаў F-35. Мінабароны краіны накіравала ў парламент запыт на ўхваленне такой угоды. Першая партыя – 32 баявыя самалёты – абыдзецца бюджэту краіны на 6,14 млрд еўраў, яшчэ 16 будуць набытыя пазней. Гэта самая буйная купля ўзбраенняў у гісторыі Румыніі. Міністр нацыянальнай абароны Анджэл Тылвэр удакладніў, што самалёты F-35 паступяць у краіну ў 2032 годзе.

Раней кантракт з ЗША на пастаўку 32 знішчальнікаў F-35 за $4,6 млрд падпісала Польшча. У красавіку гэтага года міністр абароны краіны Марыюш Блашчак паведаміў, што першыя самалёты будуць гатовыя ўжо ў 2024 годзе. Акрамя гэтага 25 верасня краіна падпісала пагадненне з вытворцам F-35 – кампаніяй Lockheed Martin – пра пастаўку гелікаптэраў Apache. «У Польшчы хутка будзе 96 Apache. Гэта будзе самы вялікі флот гэтых гелікаптэраў за межамі ЗША», – заявіў Блашчак.

У лютым 2022 года Фінляндыя заключыла пагадненне пра набыццё 64 знішчальнікаў F-35. Агульны памер кантракта складае блізу 10 млрд еўраў. Самалёты пачнуць паступаць у краіну з 2026 года.

Акрамя таго, гэтым летам Данія заявіла пра намер замяніць свае F-16 на F-35 раней, чым першапачаткова планавалася. Раней краіна заказала 27 знішчальнікаў пятага пакалення ў ЗША. Першыя чатыры F-35 прыбылі на аэрадром Скрыдструп 14 верасня. Поўнасцю пастаўка будзе выкананая да 2027 года.

Усе названыя краіны ўваходзяць у NATO. Такім чынам, у перспектыве паблізу расейскіх межаў размесцяцца 183 знішчальнікі F-35.

Апошнія навіны