МЗС Беларусі выказаў «катэгарычны пратэст» часоваму паверанаму ў справах Польшчы
- 28.09.2023, 21:09
Марціна Вайцяхоўскага выклікалі ў МЗС.
У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму быў заяўлены «катэгарычны пратэст», паведамілі ў беларускай знешнепалітычнай установе.
«Польскаму дыпламату быў заяўлены катэгарычны пратэст у сувязі з чарговым фактам парушэння польскім гелікаптэрам 28 верасня паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь, які быў зафіксаваны сродкамі аб'ектыўнага кантролю. У сувязі з гэтым звернутая ўвага, што замоўчванне і адмаўленне відавочнага факту будзе выглядаць адкрыта недарэчна з боку кіраўніцтва Польшчы», – гаворыцца ў паведамленні.
У МЗС запатрабавалі неадкладна правесці аб'ектыўнае расследаванне гэтага інцыдэнту і інфармаваць беларускі бок пра яго вынікі, а таксама ўжыць вычарпальныя захады для выключэння паўтарэння такіх здарэнняў у будучым.
Нагадаем, 28 верасня ў Мінабароны Беларусі заявілі пра парушэнне дзяржмяжы польскім гелікаптэрам – адзін раз ён заляцеў углыб беларускай тэрыторыі да паўтара кіламетра, другі раз – на 300 метраў.
У Польшчы аспрэчылі заявы беларускага боку, спасылаючыся на запісы кіравання палётам і звесткі радыёлакацыйнай станцыі.