BE RU EN

Дэпардзье прадаў скульптуру нараджэнца Беларусі Восіпа Цадкіна за 105 000 еўраў

  • 28.09.2023, 20:40

Скульптура была ў асабістай калекцыі знакамітага французскага актора.

Вядомы французскі актор Жэрар Дэпардзье надумаў расстацца з часткай сваёй калекцыі карцінаў і скульптураў і прадаў з малатка 250 працаў. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Сярод іх і статуэтка «Жанчына на каленях» Восіпа Цадкіна, скульптара-авангардыста. Яна была прададзеная ў некалькі разоў даражэй за заяўлены кошт – за 105 тысячаў еўраў.

Нагадаем, Цадкін нарадзіўся і першыя 15 гадоў жыцця пражыў у Віцебску. Аднак праславіўся як мастак, гравёр, ілюстратар, паэт і мемуарыст у Францыі.

Ажыятаж вакол лотаў аўкцыёну быў выкліканы яшчэ і тым, што яны належалі вядомаму французскаму актору. Акрамя Цадкіна ў калекцыі былі творы Ханса Хартунга, Адылона Рэдона, Герхарда Шнайдэра, Аліўе Дэбрэ і Эжэна Леруа. А яшчэ 308 тысячаў еўраў прынеслі Дэпардзье 19 чарнільных накідаў Анры Міко.

Цікава, што з некаторымі лотамі Дэпардзье ў выніку палічыў за лепшае не расставацца – як напрыклад, з бронзавай скульптурай Жэрмена Рыш'е «Чалавек, які ідзе», за якую ён хацеў 500–800 тысячаў еўраў.

Усяго ж Жэрар Дэпардзье атрымаў за сваю прыватную калекцыю 4 млн еўраў.

Апошнія навіны