У менскім метро змянілі лацінку на расейскую мову
- 28.09.2023, 19:40
Фотафакт.
У менскім метро надпісы на беларускай лацінцы замянілі на расейскія варыянты. Гэтую пастанову раней анансавала кіраўніцтва горада і метрапалітэна.
Замену паказальнікаў анансаваў старшыня Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў. «Цяпер праводзім гэтую працу на прыпыначных пунктах. Адначасова яе не зрабіць праз вялікі аб'ём. Пытанне адпрацоўваем сістэмна. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам мы яго ўрэгулюем», — казаў ён у вераснёўскім інтэрв'ю «Минск-Новостям».
Намеснік дырэктара па эксплуатацыі менскага метрапалітэна Вадзім Палішчук у той жа час паведамляў аб тым, што ідзе «сістэмная праца па аналізе ўсіх наяўных нашых інфармацыйных паказальнікаў, для таго, каб у далейшым прывесці іх да дзвюх моў — расейскай і беларускай». Усяго ў менскім метро больш за 3,5 тысячы паказальнікаў. Усе работы плануюць скончыць да канца года.
Нагадаем, у красавіку гэтага года ў Беларусі было скасаванае патрабаванне транслітараваць геаграфічныя назвы толькі з беларускай мовы, якая існавала больш за 20 гадоў, выкарыстоўваючы традыцыйную беларускую лацінку.
За скасаванне беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў змагаліся прарасейскія і праўладныя актывісты і блогеры на чале з адыёзнай гарадзенкай даносчыцай Вольгай Бондаравай. Яшчэ ў канцы 2022 года стала вядома, што ўлады пайшлі ім насустрач, і на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы была прынятая пастанова адмовіцца ад лацінкі.