BE RU EN

«УСУ абрынулі на УС РФ апакаліптычны ўдар»

  • 28.09.2023, 19:22

Аналітык Том Купер аб штурме на Паўднёвым фронце.

Падраздзяленні ўкраінскага войска абрынулі на расейскія пазіцыі шквал артылерыйскіх удараў, разбіраючы на часткі ўмацаванні войска РФ на Запарожскім кірунку фронту. Мяркуючы з інфармацыі на перадавой, УСУ зладзілі масавы штурм. Аб гэтым на сваім сайце піша аўтарытэтны аўстрыйскі вайсковы аналітык Том Купер.

«За апошнія 48 гадзін УСУ абрынулі (цытата) «апакаліптычныя аб'ёмы» артылерыйскага агню па расейскіх пазіцыях на паўднёвы захад, поўдзень і паўднёвы ўсход ад Рабоціна і пад Вярбовым. Прынамсі, так апісваюць сітуацыю тыя нямногія расейцы, якія ўсё яшчэ паведамляюць аб развіцці падзей у гэтым рэгіёне. Сапраўды, велізарныя аб'ёмы бесперапыннага артылерыйскага агню - ад М142 і М270, БМ-21 да «Арчэраў», да 2С7 меншай далёкасці, М109 «Паладзіны», М777, Panzerhaubitze 2000-х, «Цэзараў», «Сюзанлі» ў Новапракопаўцы і Вярбовым, Ачарэтуватым, Такмаку і Чарнігаўцы», - піша ён.

Аднак адказваць расейцам складана, бо іх артылерыя зазналамасавае знішчэнне цягам некалькіх апошніх месяцаў.

Купер адзначае, што з боку РФ здзівіла гармата Д-44 (85-мм дывізіённая гармата), вырабленая яшчэ ў 1940-х гадах і падбітая УСУ дні два таму, што кажа пра вялізныя аб'ёмы страт расейскай артылерыі.

На іншых відэа відаць, як украінскія АБТ «Чэленджэр-2», «Брэдлі», «Мардэр», «Страйкер» прасоўваюцца наперад. У гэтым раёне таксама з'явіліся дзве свежыя ўкраінскія брыгады:

- 15-я Кара-Дагская брыгада (Нацыянальная гвардыя)

- 71-я Егерская брыгада (УСУ, абсталяваныя БМП «Брэдлі»).

«Вядома, што ў апошнія некалькі дзён далей у тыл прасоўваліся дадатковыя падраздзяленні (думаю, гэта адказ на ўсе пытанні аб «недахопе рэзерваў ва УСУ»). Нядзіўна, што з учорашняга вечара сталі з'яўляцца паведамленні - усе іх можна ахарактарызаваць адным словам: штурм», - падкрэсліў эксперт.

Апошнія навіны