Прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай мае намер абскардзіць прысуд Гараўскаму
- 28.09.2023, 19:10
Севярын Вальц выказаў спадзяванне, што суд другой інстанцыі вынесе для Юрыя Гараўскага іншы вырак.
Прадстаўнік Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай у швэйцарскім судзе Севярын Вальц паведаміў, што абавязкова будзе абскарджваць вынесены сёння, 28 верасня, апраўдальны прысуд экс-байцу САХРу Юрыю Гараўскаму. З ягоных слоў, ён вельмі расчараваны сённяшнім прысудам і ўважае яго няправільным, піша «Новы час».
Севярын Вальц таксама выказаў спадзяванне, што суд другой інстанцыі вынесе для Юрыя Гараўскага іншы прысуд і што для гэтага, на яго думку, ёсць падставы.
Як зазначыў Севярын Вальц, галоўная сутнасць сённяшняга выраку ў тым, што суддзя не паверыў паказанням Гараўскага, якія ён даваў у судзе, і не ўважае, што паказанні Гараўскага былі сапраўднымі.
Але гэта не азначае, што непраўдзівая сама гісторыя выкрадання беларускіх апазіцыйных палітыкаў - ёсць падставы сумнявацца менавіта ў паказаннях і ролі Гараўскага праз шматлікія супярэчнасці ў яго паказаннях.
Севярын Вальц пры гэтым адзначыў, што Гараўскага не дэпартуюць са Швэйцарыі.
Сёння ў судзе кантона Санкт-Гален у Швэйцарыі абвясцілі прысуд экс-байцу беларускага САХРу Юрыю Гараўскаму, які ў 2019 годзе публічна заявіў пра сваё дачыненне да выкрадання апазіцыйных палітыкаў у Беларусі - выкраданні і забойстве былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Суддзя Олаф Хумбель апраўдаў Гараўскага па гэтай справе праз тое, што паставіў пад сумнеў паказанні экс-байца САХРу. Пракурор прасіў для абвінавачанага тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.