Ва ўсёй Расеі правядуць вучэнні на выпадак ядзернай вайны
- 28.09.2023, 18:45
Упершыню ў гісторыі.
Улады Расеі пачнуць рыхтавацца да магчымай ядзернай вайны. 3 кастрычніка ў краіне ўпершыню ў гісторыі пройдзе адзіная для ўсіх рэгіёнаў штабная трэніроўка па грамадзянскай абароне, піша Baza са спасылкай на загад кіраўніцы Расспажыўнагляду Ганны Паповай.
У дакуменце гаворыцца, што ва ўмовах «расхіствання агульнапрызнаных норм і прынцыпаў міжнароднага права» павялічваецца небяспека перарастання ўзброеных канфліктаў паблізу межаў краіны ў «вайну з удзелам ядзерных дзяржаў».
Па легендзе вучэнняў, у Расеі скончылася ўсеагульная мабілізацыя, у шэрагу рэгіёнаў увялі ваеннае становішча, а ў асобных суб'ектах былі цалкам разбураныя аб'екты жыццезабеспячэння насельніцтва, да 70% жылога фонду і ўтварылася пагроза ўзнікнення «зон радыеактыўнага забруджвання».
У трэніроўцы павінны паўдзельнічаць усе адказныя асобы: ад кіраўнікоў грамадзянскай абароны да кіраўнікоў дзяржкарпарацый. Выключэнне - улады самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, а таксама акупаваных частак Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Раней такія вучэнні праводзіліся ў розных рэгіёнах у розныя дні. Усеагульная аднаразовая трэніроўка адбудзецца ўпершыню. Акрамя таго, да гэтага ў легендзе не было згадак аб мабілізацыі. Крыніца тэлеграм-канала адзначыла, што такія перамены абумоўленыя «сучаснымі рэаліямі».
Кантроль прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна за сітуацыяй у Расеі становіцца больш «далікатным», таму ён можа наважыцца на выкарыстанне ядзернай зброі, каб хутка скончыць вайну ва Украіне, мяркуюць эксперты RAND Corporation, якая праводзіць даследаванні ў пытаннях нацыянальнай бяспекі для дзяржорганаў ЗША. На думку аналітыкаў, «ядзерная эскалацыя» стане для расейскага прэзідэнта «найбольш прывабным варыянтам», калі ён адчуе пагрозу сваёй уладзе.
У кастрычніку мінулага года Пуцін запэўніваў, што тактычны ядзерны ўдар па Украіне не мае ніякага «палітычнага або ваеннага сэнсу». Са слоў крыніц Financial Times у Крамлі, прэзідэнт сам прыйшоў да гэтай высновы пасля сімуляцыі выкарыстання ядзернай зброі, якая паказала, што такі ўдар ператворыць захопленыя тэрыторыі Украіны ў апрамененую пустку, але ніяк не дапаможа рушыць наперад расейскім войскам.
Год таму Вашынгтон папярэдзіў Маскву, у тым ліку наўпрост па закрытых каналах, аб «катастрафічных» наступствах ужывання ядзернай зброі. ЗША дадуць на гэта адказ, пацвярджаў публічна памочнік прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван.