РФ выдаткуе амаль 40% бюджэту на войска, паліцыю і спецслужбы
- 28.09.2023, 18:04
Намінальны аб'ём абаронных выдаткаў павялічыцца на 70% у параўнанні з 2023 годам.
Праект расейскага бюджэту на 2024 год, які на мінулым тыдні зацвердзіў урад і які ў пятніцу, 29 верасня, плануецца ўнесці ў Дзярждуму, накіраваны на тое, каб «дабіцца перамогі ў вайне». Пра гэта на Маскоўскім фінансавым форуме ў чацвер заявіў кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуянаў.
«Усё для фронту, усё для перамогі», – сказаў ён, каментуючы прыярытэты дзяржаўных выдаткаў на будучы год (цытата па «Ведомостям»).
Паводле інфармацыі Мінфіна РФ, у 2024 годзе практычна траціна асігнаванняў федэральнай казны будзе накіраваная на фінансаванне войска і дзяржабаронзаказу - 10,775 трлн рублёў з 36,66 трлн.
Намінальны аб'ём абаронных выдаткаў павялічыцца на 70% у параўнанні з 2023 годам і больш чым утрая, калі параўноўваць з даваенным 2021-м. Доля выдаткаў на войска - 29,5% - падвоіцца і стане максімальнай з часоў СССР.
Яшчэ 3,388 трлн рублёў урад выдаткуе паводле артыкула «нацыянальная бяспека», куды зашытыя бюджэты МУС, Расгвардыі, спецслужбаў, Следчага камітэта, ФСВП і іншых сілавых структур. У параўнанні з гэтым годам такія выдаткі павялічацца на 163 млрд рублёў.
Такім чынам, 39% бюджэту «з'ядуць» сілавыя структуры супраць усяго 24% да пачатку ўварвання ва Украіну.
Нарэшце, 2,171 трлн рублёў бюджэт выдзеліць на «агульнадзяржаўныя пытанні» — артыкул, які ўключае ў тым ліку выдаткі на ўтрыманне прэзідэнта, органаў улады і чыноўнікаў. Пры гэтым доля сакрэтных выдаткаў у федэральнай казне складзе амаль траціну і таксама стане рэкорднай за ўсю сучасную гісторыю краіны. Паводле інфармацыі Bloomberg, больш за 10 трыльёнаў рублёў плануе выдаткаваць урад, не даючы справаздачу, на што і навошта.
Са слоў Сілуянава, турбавацца аб тым, што ў казне не выстарчыць грошай, не варта. Але на тое, што запланавана, выстарчыць. Нармальны, здаровы бюджэт», - падкрэсліў міністр.