BE RU EN

Праваабаронца: Будзем шукаць іншых удзельнікаў злачынстваў «эскадрону смерці»

  • 28.09.2023, 17:27

Юрыст пракаментаваў вырак швэйцарскага суда паводле справы Гараўскага.

У чацвер, 28 верасня, акруговы суд Роршаха ў Швэйцарыі апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага. Яго абвінавачвалі ва ўдзеле ў «эскадроне смерці», які ліквідаваў апанентаў Лукашэнкі ў 1999 годзе. Пракаментаваць прысуд «Зеркало» папрасіла Іллю Нузава, кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Гэта адна з праваабарончых арганізацыяў, якая знайшла Юрыя Гараўскага ў Швэйцарыі і перадала ягоную справу ў суд.

- Мы вельмі расчараваныя выракам суда, які сёння апраўдаў Юрыя Гараўскага. Суд матываваў пастанову недаверам да паказанняў падсуднага. Цяпер мы думаем, ці падаваць апеляцыю, - адзначыў Нузаў. - Хоць вынік не той, на які мы разлічвалі, усё адно важна, што працэс адбыўся. Падсуднаму былі дадзеныя права на справядлівае судовае разбіральніцтва і магчымасць расказаць сваю версію падзей з выкананнем усіх працэсуальных норм. Гэта ўмацоўвае веру ў вяршэнства права.

Стандарт у такіх крымінальных справах вельмі высокі - довад не павінен выклікаць ніякіх сумневаў. Суд не змог пераканацца канчаткова, што Гараўскі ўчыняў гэтыя злачынствы. Значыць, не было пададзена дастаткова довадаў.

— У інтэрв'ю вы расказвалі, як доўга шукалі прыдатную юрысдыкцыю для гэтай справы. Якія зараз існуюць варыянты для апеляцыі і новых судоў?

- Справу разглядаў адзін з раённых (на ўзроўні швэйцарскага кантона) судоў. Цяпер мы можам падаць апеляцыю ў Федэральны суд Швэйцарыі. Суддзі раённых судоў не маюць вялікага досведу працы з міжнароднымі злачынствамі такой цяжкасці. Магчыма, суддзя здзейсніў памылку. Будзем уважліва вывучаць пастанову (пакуль я не бачыў яго ў поўным выглядзе) і працаваць у рамках гэтага працэсу. Таксама паспрабуем знайсці дадатковыя довады і, магчыма, іншых удзельнікаў гэтых жудасных злачынстваў у гэтай ці іншай юрысдыкцыі. Пераслед правасуддзя не спыняецца. Мы працягваем працаваць.

- Вы кажаце, што суд не паверыў паказанням Гараўскага. Якія яшчэ довады і паказанні разглядаў суд?

— У довадную базу ўваходзілі дакументы, падрыхтаваныя спецдакладчыкам ПАРЕ (у 2004 годзе спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Хрыстас Пургірыдэс, вывучыўшы ўсе абставіны, прыйшоў да высновы, што Захаранку, Ганчара і Красоўскага выкралі і забілі байцы САХР пад камандаваннем падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі з ведама кіраўніцтва краіны, - Заўв. рэд.). А таксама артыкулы журналістаў, паказанні сведкаў.

Але, вядома, самых каштоўных довадаў не было. Бракавала сведкаў, бракавала зброі, з якой забівалі ахвяр, не было доступу да месца здарэння і целаў загінулых. З боку беларускіх уладаў, зразумела, таксама не было ніякай кааперацыі (больш за тое, яны гадамі рабілі ўсё, каб сабатаваць расследаванне). Суд і юрысты вялі гэтую справу ў вельмі складаных умовах.

Апошнія навіны