BE RU EN

Расейская войска ва Украіне падсаджваецца на наркотыкі

  • 28.09.2023, 15:04

Кожны другі жаўнер нешта ўжывае.

Тысячы расейскіх вайскоўцаў на фронце ва Украіне ўжываюць наркотыкі, якія ім прадаюць мясцовыя жыхары, а таксама перадаюць валанцёры і прывозяць калегі, піша «Вёрстка» са спасылкай на вайскоўцаў.

«Наогул у нас кожны другі-трэці салдат штосьці такое ўжывае», - распавёў выданню кантрактнік, які пасля некалькіх месяцаў на перадавой знаходзіцца ў вайсковай частцы на тэрыторыі Расеі.

Са слоў іншага, актыўна ўжываюць «10-15% у кожнай дывізіі». Сярод папулярных наркотыкаў марыхуана, мефедрон, амфетаміны, «солі» і медыцынскія прэпараты «Лірыка», «Тропікамід» і барбітураты.

Салдаты ўжываюць наркотыкі ад нуды, паколькі вайна - «гэта калі ты ўвесь час чагосьці чакаеш», тлумачыць адзін з вайскоўцаў. Як адзначыў іншы суразмоўца, наркотыкі на акупаваных тэрыторыях і ля лініі фронту дастаць лёгка. «Ну як у Лас-Вегасе», - дадаў ён.

У асноўным забароненыя рэчывы прадаюць мясцовыя жыхары. «Ёсць таксісты, якія возяць проста ў частку. Салдаты ўжо ведаюць, у каго што браць», - адзначыў адзін з вайскоўцаў. Іншыя суразмоўцы сцвярджаюць, што дозу могуць прывезці проста ў акопы. Пры гэтым мясцовае насельніцтва ўжо другі год гадуе і перапрацоўвае мак, бо з пачаткам вайны на яго з'явіўся попыт.

Але ёсць і іншыя каналы паставак - праз таварышаў са службы і валанцёраў. Распаўсюджванне наркотыкаў ідзе праз людзей, якія прыйшлі служыць ужо залежнымі. «У іх свае сувязі, яны ездзяць на нуль», «на мяжу», «там знаёмыя ім людзі ўсё рыхтуюць, расколваюць, яны бяруць сваю долю, а астатняе раскідваюць па сакрэтных закладках і распавядаюць астатнім», – растлумачыў кантрактнік.

Наркотыкі возяць таксама са службовых выпраў і шпіталяў, дзе пакідаюць закладкі прыяцелі, растлумачыў вайсковец. У сваю чаргу, медыцынскія прэпараты без рэцэптаў закупляюць у Растове-на-Доне і Батайску.

Пры гэтым расейскія кантрактнікі і мабілізаваныя могуць дазволіць сабе наркотыкі высокімі коштамі за кошт вялікіх выплат ад дзяржавы, якія прыходзяць ім на карткі «Мір». Так, напрыклад, 1 грам марыхуаны каштуе на фронце 2,6 тысячы рублёў супраць 2,2 тысячы ў Маскве, а мефедрон - 5,9 тысяч супраць 2,3 тысяч у сталіцы.

Праверак на псіхаактыўныя рэчывы на акупаваных тэрыторыях амаль няма. Але пры нагодзе вайскоўцы проста здаюць чужую мачу, кажа адзін з вайскоўцаў-наркаспажыўцоў. «Гэта ўсюды так, ва ўсіх сілавых структурах», - растлумачыў ён.

Аднак калі начальства ловіць на ўжыванні, салдат адпраўляюць у штрафны батальён - атрад «Шторм», які ваюе на пярэднім краі. «Там людзі заўсёды на перадавой і агонь прымаюць на сябе. Там 95% смяротнікаў», - распавёў вайсковец.

Іншыя суразмоўцы пацвярджаюць - фактычна гэта смяротны прысуд. «Давайце казаць шчыра, «скандал» тут нікому не патрэбны, наркотыкі ў батальёне» – гэта пляма на ўсіх. Пракуратура і СК тут нікому не патрэбныя. І ніякага суда не будзе. Іх прасцей пасадзіць у яму на два дні і напісаць паперы, што яны пераводзяцца ў «Шторм». Адмовіцца нельга», - падкрэсліў адзін з расейскіх вайскоўцаў ва Украіне.

Апошнія навіны