«Не пацісніце мне грыбы»: у беларускіх лясах адбыўся паказальны выпадак
- 28.09.2023, 14:12
82-гадовы беларус дзіўна адрэагаваў на ратавальнікаў, якія яго знайшлі.
З пачатку верасня ў лясах згубіліся 60 грыбнікоў, а за гэты яшчэ не закончаны тыдзень ужо 10 чалавек звярнуліся па дапамогу, каб выйсці з нетраў. Пра гэта паведамляе МЧС. Ведамства таксама расказала аб паказальным выпадку з 82-гадовым дзецюком.
Грыбны сезон у самым разгары і людзі часцяком губляюцца ў лясах, а потым іх шукае там МНС. Асабліва часта губляюцца пенсіянеры. Вось нядаўні выпадак:
27 верасня а 21:39 у службу МНС патэлефанавала ўсхваляваная жыхарка пасёлка Цешэм'і Быхаўскага раёна і паведаміла, што ейны 82-гадовы муж заблукаў у лесе. Пенсіянерка патлумачыла, што муж пайшоў у лес пад 15 гадзін дня, а потым патэлефанаваў ёй і паведаміў, што заблкуаў. Яны яшчэ некаторы час падтрымлівалі сувязь, але пазней тэлефон стаў недаступны.
Пошук пачалі ратавальнікі, міліцыя і сыны зніклага грыбніка. Удзельнічала 2 адзінкі тэхнікі і 6 чалавек, у тым ліку ад МНС 1 адзінка тэхнікі і 3 чалавекі.
А 23:25 пенсіянера знайшлі ратавальнікі Аляксандр Архіпаў, Раман Чарняўскі і Уладзімір Есьман.
Расказвае старшы інструктар-выратавальнік ПАСП-16 Быхаўскага РАНС Аляксандр Архіпаў:
- Жонка заблукалага прыкладна апісала квадрат пошукаў. Сітуацыя пагаршалася шчыльным туманам. Рухаючыся на аўтамабілі, мы падавалі сігнал гукаўзмацняльнікам. І пошукі далі свае станоўчыя вынікі: грыбнік выйшаў з ляснога гушчару на гук. Дзядуля не пацярпеў і перш за ўсё папрасіў: «Не рассыпце і не пацісніце мне грыбы». Што мы і выканалі — адвезлі пенсіянера разам з грыбамі дадому на радасць жонцы, якая зачакалася.