«Кіраўнік Чачэніі стварыў сур'ёзную праблему Пуціну»
- 28.09.2023, 14:02
Крэмль апынуўся ў сітуацыі «сярпом па горле».
За час, што прамінуў пасля таго, як кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў выклаў відэа, на якім ягоны 15-гадовы сын Адам збівае абвінавачанага ў спаленні Карана Нікіту Жураўля, ніводная з найвышэйшых службовых асоб расейскай дзяржавы фактычна не пракаментавала гэта.
Пры гэтым яшчэ ўчора апытаныя ВВС юрысты сказалі, што людзей, якія маюць дачыненне да выяўленага на відэа збівання, а таксама Кадырава, які распаўсюдзіў гэта відэа, можна прыцягнуць да адказнасці як мінімум паводле дзевяці артыкулаў расейскіх законаў.
«Адразу скажу, што гісторыю з сынам Кадырава каментаваць не буду», — так у аўторак пачаў сваю штодзённую канферэнцыю з журналістамі прэсавы сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. На ўдакладняльнае пытанне, чаму ён адмаўляецца гэта зрабіць, Пяскоў сцісла адказаў: "Не хачу".
З таго часу ніводзін высокапастаўлены расейскі чыноўнік або палітык яго не пракаментавалі.
Пра гэта дагэтуль нічога не сказалі ні праваахоўныя органы, ні чыноўнікі ўрада (напрыклад, міністр юстыцыі Канстанцін Чуйчанка), ні старшыні абедзвюх палат расейскага парламента.
Аднак “аб сітуацыі са збіваннем затрыманага ў Чачэніі” выказаўся віцэ-старшыня Дзяржаўнай думы ад партыі “Новыя людзі” Уладзіслаў Даванкоў. Ён адзначыў, што ў законе аб абароне пачуццяў вернікаў нічога не сказана аб збіванні ў следчым ізалятары як прымальным пакаранні. Парламентарый таксама нагадаў, што нягледзячы на тое, што Расея — дзяржава "вялікая і вельмі розная, але закон мае быць адзіны для ўсіх".
Яшчэ больш стрыманай у ацэнках здарэння выявілася ўпаўнаважаная ў правах чалавека Таццяна Маскалькова. Перш за ўсё яна асудзіла "знішчэнне Святых Кніг, няхай гэта будзе Каран, Біблія або Тора" як дзеі, якія "не могуць заставацца беспакаранымі". Але потым усё ж дадала, што "якое б страшнае злачынства ні ўчыніў чалавек, ён павінен адказаць за яго перад судом паводле закону" і "падчас следства ў ізалятары ён безумоўна мае ўтрымлівацца паводле правілаў, якія ўстаноўленыя законам".
Пры гэтым Маскалькова не паведаміла ні пра якія дзеянні, якія яна як амбудсмэнка ладзіцца распачаць пасля публікацыі Кадыравым відэа са збіваннем.
Заяву «паводле паведамленняў у мэдыях» у праваахоўныя органы (яна не ўдакладніла, у якія) абяцала напісаць тэлевядоўца Ксенія Сабчак пасля сваёй размовы з Рамзанам Кадыравым.
У сваім тэлеграм-канале яна паведаміла, што кіраўнік Чачэніі сам затэлефанаваў ёй праз відэасувязь у панядзелак увечары. Са слоў Сабчак, Кадыраў расказаў, што разам з сынам і ахоўнікам наведваў Жураўля «ў следчым ізалятары». Кадыраў сцвярджае, што "нічога яму не рабіў", бо "законапаслухмяны грамадзянін". «Але потым я пайшоў з кабінета, а Адам там застаўся, я гэтага не заўважыў. Ён у мяне наогул зацяты. Потым пачуў крыкі, паслаў ахоўніка свайго разбараняць іх», — пераказвае словы кіраўніка Чачэніі тэлевядоўца. Пры гэтым застаецца незразумелым, хто ў такім выпадку здымае збіванне на відэа.
Сабчак сцвярджае, што Кадыраў сам прапанаваў ёй сёння напісаць заяву (відаць, маецца на ўвазе ў праваахоўныя органы), выйсці на пікет і паабяцаў, што ёй за гэта "нічога не будзе".
"Кадыраў хоча прайграць свой улюбёны кантэкст, калі ён сваволіць, усе абураюцца, а зрабіць нічога не могуць", – піша палітолаг Абас Галямаў. Аднак, паводле ягоных слоў, цяпер праблема ў тым, што «кіраўнік Чачэніі стварыў сур'ёзную праблему Пуціну»: «Якім бы ідыётам ні быў валгаградзец, што спаліў Каран, ён усё адно этнічны расеец, і цяпер выходзіць, што Пуцін ахвочы аддаць расейца на з'ядзенне чачэнцам. Натуральна, што гэта моцна не спадабаецца большасці расейцаў, ну а ўжо «расейскім патрыётам» — тым самым, якія складаюць касцяк групы падтрымкі вайны, — гэта наогул як сярпом па горле».
"Патрыёты" і прапагандысты супраць?
Ваенны карэспандэнт «Камсамольскай праўды» Аляксандр Коц, які падтрымлівае ўварванне Расеі ва Украіну, напісаў у сваім тэлеграм-канале, што «ў прававой дзяржаве за злачынствы (а Журавель яго ўчыніў) караюць пазбаўленнем волі, а не збіваннем у кабінетах следчага ізалятара».
Ён заклікаў пракаментаваць здарэнне кіраўніка СК Аляксандра Бастрыкін, «паводле пастановы якога справа ў дачыненні да Жураўля для расследавання перададзеная ў следчую ўправу СК Расеі ў Чачэнскай Рэспубліцы», а таксама міністра юстыцыі Канстанціна Чуйчанку, які заявіў, што «Журавель мае адбываць пакаранне ў рэгіёне з пераважна мусульманскім насельніцтвам, паколькі "гэта будзе спрыяць павазе да рэлігіі ды рэлігійных пачуццяў вернікаў у нашай шматнацыянальнай і шматканфесійнай краіне".
Сябра прэзідэнцкай рады правоў чалавека, якая падтрымлівае вайну ва Украіне, Марына Ахмедава заявіла, што «пры ўсёй удзячнасці Кадыраву за дапамогу ў СВА», яна не тое каб «не згодная са збіваннем чалавека, які знаходзіцца ў свядома безабаронным стане», у ёй «усё паўстае супраць гэтага». "Мы не сярэднявечныя феадалы, ніякія абразы рэлігіі не апраўдваюць парушэнні закона", – напісала яна.
Сябра фракцыі «Адзінай Расіі» ў Дзяржаўнай думе, вядоўца прапагандысцкай праграмы «60 хвілін» на тэлеканале «Расія» Яўген Папоў таксама заявіў, што «збіваць людзей нельга»: «Гэта незаконна. Пакаранне для злачынцы прызначае суд. І толькі суд».