BE RU EN

Самалёт Мінабароны РФ здзейсніў загадкавы пералёт у КНДР

  • 28.09.2023, 12:45

Экспэрты агучылі некалькі магчымых версій.

Самалёт Іл-62М расейскай Мінабароны здзейсніў неабвешчаны пералёт у сталіцу Паўночнай Карэі Пхеньян праз некалькі дзён пасля заканчэння візіту ў Расею паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына.

Экспэрты дапускаюць, што гэта пералёт сведчыць аб тым, што Расея і Карэя рыхтуюць больш сур'ёзную ўгоду, чым проста закуп зброі, піша dialog.ua.

Самалёт з бартавым нумарам RA-86559 вылецеў у Пхеньян 25 верасня, сведчаць звесткі сэрвісу Flightradar24.

А 27 верасня ён вярнуўся ў Маскву. Гэты палёт не анансаваўся ні расейскім, ні паўночнакарэйскім бокам. Той жа самалёт лётаў у Пхеньян у пачатку жніўня, праз некалькі дзён пасля візіту ў паўночнакарэйскую сталіцу Шайгу.

Сайт NK News, які спецыялізуецца на навінах з КНДР, называе некалькі магчымых прычын пералёту: паездка расейскіх вайсковых чыноўнікаў, падрыхтоўка да візіту ў КНДР міністра замежных спраў Расеі Лаўрова (запланавана на кастрычнік) або Пуціна.

Як нагадвае Bloomberg, Паўночная Карэя закрыла паветранае злучэнне з іншымі краінамі пасля пачатку пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе і з тых часоў яго не адкрывала.

У гэтай сітуацыі адразу дзве паездкі расейскай дэлегацыі ў краіну на працягу некалькіх тыдняў могуць дэманстраваць сур'ёзнае збліжэнне двух аўтарытарных рэжымаў.

Паўночная Карэя, магчыма, хоча атрымаць тэхналогіі падвойнага прызначэння, якія можна было б перадаць пад выглядам дапамогі касмічным і ядзерным праграмам у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі, піша NK News.

Пры гэтым перадача Пхеньяну тэхналогій, якія можна выкарыстоўваць для стварэння ракет і ядзерных бомб, будзе парушаць рэзалюцыі Рады бяспекі ААН.

«У якой ступені Расея гатова абысці рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН - гэта яшчэ адно вялікае пытанне. Публічная дэманстрацыя Расеяй і Паўночнай Карэяй сваёй гатоўнасці ўмацоўваць вайсковыя сувязі дазваляе меркаваць, што найбліжэйшым часам нас чакае нешта большае, і не абавязкова ўсё гэта будзе адбывацца за зачыненымі дзвярыма», - мяркуе аналітык Адкрытай ядзернай сеткі Джэву Шын.

Журналісты Bloomberg адправілі запыт у Мінабароны Расеі, але не атрымалі адказу. У сярэдзіне верасня ў Расею прыязджаў Кім Чэн Ын.

Падчас візіту ён агледзеў касмадром "Усходні", расейскія вайсковыя самалёты, цывільны SJ-100, а таксама мадэрнізаваны фрэгат "Маршал Шапашнікаў", і правёў сустрэчу з Пуціным.

Мяркуючы з паведамленняў СМІ і звестак замежных выведак, два лідары маглі абмяркоўваць у тым ліку закупкі ўзбраенняў з КНДР.

Да Пуціна ў Паўночную Карэю ездзіў Шайгу. Падчас візіту ён аглядаў розныя тыпы ўзбраенняў, у тым ліку балістычныя ракеты, пісала Reuters.

У амерыканскай выведцы мяркуюць, што Шайгу ездзіў у КНДР, каб дамовіцца аб пашырэнні вайсковага супрацоўніцтва паміж краінамі.

Апошнія навіны