«Нафтавыя бароны падманулі Пуціна»
- 28.09.2023, 16:26
Што стаіць за паліўным крызісам, які абрынуўся на Расею?
Расею накрыў паліўны крызіс: па ўсёй краіне выраслі кошты на нафтапрадукты, у асобных рэгіёнах узнік дэфіцыт. Гэта прадвеснік катастрофы, з якой краіна сутыкнецца ў найбліжэйшай будучыні.
Такое меркаванне ў сваім блогу ў YouTube выказаў вядомы расейскі гісторык, палітэмігрант Дзмітрый Чарнышэўскі.
Паліўны крызіс, паводле ягоных слоў, узнік з-за таго, што расейскія нафтавікі максімальную колькасць нафтапрадуктаў гоняць за мяжу, набіваючы кішэні валютай перад сваімі ўцёкамі з краіны. У РФ ім прадаваць паліва за рублі няма ніякай выгады.
«Нафтавы крызіс. А як вы хацелі? (...) Калі нафтавікі сутыкнуліся з гэтай дурасцю (вайной супраць Украіны - рэд.), якая ў нас цяпер ідзе, (...) пачаліся ўцёкі капіталаў… Працэс пайшоў фундаментальны - уцёкі топ-мэнэджараў Газпрама і нафтавікоў за мяжу. Спачатку яны грошы вывозілі, потым сем'і, а неўзабаве і самі паляцяць... Становіцца ўсё горш. Сэнс вываду гэтай нафты за мяжу - гэта валюта. «Вы жывыя, пакуль у вас ёсць валюта. Плявалі яны на рублі», - распавёў гісторык.
Ён звярнуў увагу на сварку, якая ўзнікла ў кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова з паслом Індыі ў РФ.
Міністр пачаў выстаўляць прэтэнзіі за тое, што Нью-Дэлі аплачваў Расеі пастаўкі нафты рупіямі, якія немагчыма вывесці, распавядаў аб «завіслых» у індыйскіх банках рупіях на $40 млрд. Адказ быў нечаканым.
«Ніхто не звярнуў увагу на сварку Лаўрова з індыйскім амбасадарам на Ціхаакіянскім форуме ва Уладзівастоку… Там геніяльная сварка была, якая агаліла ўвесь сэнс таго, што адбываецца ў Расеі зараз. Лаўроў паскардзіўся, што Індыя плаціла за нафту Расеі рупіямі… А індыйскі амбасадар устаў і сказаў: «Якія рупіі? Мы плацілі цвёрдай валютай». І яго заткнулі імгненна… Індыйцы плацілі гэтым спадарам у далярах, а гэтыя нафтавыя спадары зрабілі справаздачу перад урадам, што індусы рупіі нам усунулі, якія нельга памяняць. Даляры яны вывезлі з Індыі і па сваіх кішэнях за мяжой распхалі», - растлумачыў Чарнышэўскі.
Агулам, паводле ягоных слоў, цяпер ідуць масавыя ўцёкі капіталу з Расеі, што будзе мець самыя сумныя наступствы.
«Капітал сыходзіць, сем'і ўжо паляцелі, хутка на джэты і «бывай, нямытая Расея»... Кожны літр бензіну, прададзены ў Расеі, - гэта прамая страта для гэтага класа злодзеяў, які быў галоўным выгаданабытчыкам рэжыму на працягу 30 гадоў, а зараз зразумеў, што рэжым памірае і ратуе сам сябе. Ім усё адно, што будзе ў Расеі, ім абсалютна напляваць. Яны з'язджаюць адсюль з грашыма, з нашымі грашыма», - канстатаваў расейскі гісторык.