Лічбы, якія сведчаць самі пра сябе
- 28.09.2023, 12:03
Беларуская міграцыя знаходзіцца на піку.
На канец 2022 года найбольш беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму, аселі ў Польшчы, а найбольшая шчыльнасць дыяспары - у Літве. У цэлым, міграцыя з Беларусі дасягнула пікавых значэнняў за ўсю сучасную гісторыю краіны, піша «Салiдарнасць».
Такія звесткі ўтрымліваюцца ў даследаванні аб міграцыі беларусаў у Нямеччыну, Польшчу і краіны Балтыі - яго прэзентаваў дырэктар інстытута "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч на нядаўнім XI Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску.
У даследаванні міграцыйных працэсаў да і пасля 2020 года выкарыстоўваліся звесткі з афіцыйных крыніц і ад дзяржорганаў пяці краін - Нямеччыны, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Якія звесткі атрымалі?
На канец 2022 года, у абсалютным вылічэнні найбольшая колькасць беларусаў жыла:
у Польшчы – 200 тысяч чалавек,
у Літве - 48 тысяч,
у Нямеччыне - 28,
у Латвіі і Эстоніі - менш за 6 тысяч агулам.
Але пры гэтым шчыльнасць пражывання вышэйшая за ўсё ў Літве, дзе беларусы складаюць блізу 40% ад усіх мігрантаў.
Цікавы момант: як паказала даследаванне, рост міграцыі пачаўся не ў 2020-м, як мяркуе большасць, а яшчэ ў 2017 годзе, і тлумачыўся першапачаткова эканамічнымі праблемамі. Гэтая тэндэнцыя, са слоў Андрэя Казакевіча, захавалася і зараз: Беларусь пакідаюць кваліфікаваныя работнікі ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, «палітычнымі» можна лічыць ад 30 да 50 адсоткаў тых, хто з'ехаў, у астатніх прычыны эканамічныя або змешаныя.