Віцебскі прадпрымальнік «манетызаваў» свой статус іпэшніка
- 28.09.2023, 10:11
У падатковай узніклі пытанні.
Жыхар Віцебска зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка на просьбу знаёмага, а потым уклаў з некалькімі арганізацыямі фіктыўныя дамовы аб выкананні розных паслуг. Год ён атрымліваў ад іх грошы, але фактычна ніякіх прац не выконваў. Дзейнасцю ІП зацікавіліся ў падатковай, піша газета «Віцьбічы».
Па ўкладзеных дамовах на рахунак прадпрымальніка паступалі грошы, якія ён здымаў у якасці асабістага даходу. У далейшым ІП перадаваў знятыя грошы розным асобам за вылікам свайго адсотку за паслугу «вываду грошай», а таксама сумы падатку, якія падлягалі вылічэнням па заяўленай ім дзейнасці.
Падатковыя органы, грашовыя сродкі, якія паступілі ў 2021—2022 гадах на рахунак ІП, прызналі пазарэалізацыйным даходам з падаткаабкладаннем паводле павышанай стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання.
У выніку камеральнай праверкі прадпрымальніку накіраванае апавяшчэнне аб добраахвотным карэктаванні падатковых абавязкаў. Аднак ІП не зрабіў гэтага, у сувязі з чым яму давядзецца даплаціць 37 тысяч рублёў падатку ў прымусовым парадку.